Сікорскі паспрачаўся з Трампам наконт залёту дронаў у Польшчу

Дональд Трамп / Getty Images
Масавае ўварванне расійскіх дронаў у Польшчу 10 верасня магло быць памылкай. З такой заявай выступіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп.
"Магчыма, гэта была памылка. Але, незалежна ад гэтага, я незадаволены нічым, што звязана з гэтай сітуацыяй. Але спадзяюся, усё гэта хутка скончыцца", — заявіў ён журналістам. Разгорнутых каментароў наконт гэтага інцыдэнту ён не даваў.
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі завочна паспрачаўся з прэзідэнтам США. "Не, гэта не было памылкай", — напісаў ён у сацсетцы Х.
Раней у сваёй сацсетцы Truth Social Трамп размясціў запіс неадназначнага зместу, прысвечаны дронавай атацы. Аднак прэзідэнт ЗША пагаварыў па тэлефоне з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім і пацвердзіў саюзніцкія абавязанні, у тым ліку наконт знаходжання амерыканскіх войскаў у Польшчы.
У ноч на 10 верасня ў паветраную прастору Польшчы заляцелі 19 дронаў. Польшча збіла тры з іх. У паветра была паднятая не толькі польская, але і натаўская авіяцыя.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.