Што меў на ўвазе Туск, калі сказаў: "нас чакаюць вельмі цяжкія дні"? Фрыдман

Аляксандр Фрыдман

Аляксандр Фрыдман / Еўрарадыё

— Нас чакаюць вельмі цяжкія дні, — з такой заявай пасля размовы еўрапейскіх лідэраў з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам 16 траўня выступіў прэм'ер-міністр Польшчы Дональд Туск.

Што ён меў на ўвазе?

На пытанне адказвае палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман.

— Пастаянны прадстаўнік ЗША пры НАТА Мэцью Уітакер яшчэ ўчора паведаміў, што амерыканцы ўжо сёлета пачнуць абмеркаванне з еўрапейскімі саюзнікамі частковага вываду свайго кантынгенту з Еўропы (так спраўджваюцца ружовыя мары Пуціна). Сам Трамп ізноў пусціўся ў развагі пра "міралюбівага" Пуціна, з якім ён збіраецца сустрэцца, аб адсутнасці "козыраў" у Зяленскага і аб санкцыях як аб крайнім сродку, да якога ён, відавочна, пакуль звяртацца не збіраецца.

Еўрапейскія лідэры будуць працягваць спробы змяніць пазіцыю прэзідэнта ЗША (а што ім яшчэ застаецца рабіць?), але досвед гэтага тыдня не дае падстаў для аптымізму.

Крэмль можа з упэўненасцю рыхтавацца да сустрэчы Трампа, пасля якой патрабаванні аб перадачы ўкраінскіх абласцей Расіі і фактычнай капітуляцыі Украіны, магчыма, пачнуць гучаць ужо з вуснаў прэзідэнта ЗША.

In dubio pro Putin ("У выпадку сумневаў – на карысць Пуціна"). Менавіта так гучыць крэда Трампа, і разлічваць на кардынальную змену яго пазіцыі ў бліжэйшы час не даводзіцца. З гэтай суровай рэчаіснасцю давядзецца змірыцца і Украіне, і Еўропе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.