СБУ заявіла пра затрыманне расійскага шпіёна ў сваіх шэрагах
Кіраўнік СБУ Васіль Малюк трымае кіраўніка штаба Антытэрарыстычнага цэнтра / СБУ
Служба бяспекі Украіны заявіла, што на расійскую ФСБ працаваў кіраўнік штаба яе Антытэрарыстычнага цэнтра. Яго затрымліваў асабіста кіраўнік СБУ Васіль Малюк, паведамляе прэс-служба ведамства.
Як удакладняе hromadske са спасылкай на крыніцы ў СБУ, затрыманым з'яўляецца палкоўнік Дзмітрый Казюра.
У СБУ кажуць пра 14 задакументаваных эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці агента ФСБ. Таксама ў ведамстве заяўляюць, што доўгі час перадавалі праз яго дэзінфармацыю: спачатку — у рамках контрразведніцкіх мер, а потым — у рамках крымінальнай вытворчасці.
Малюк расказаў, што супрацоўнікі СБУ з дапамогай шыфраваных праграмных закладак пранікла ў гаджэты агента — мабільныя тэрміналы, камп'ютары — і "фактычна з ім жылі".
Кіраўнік СБУ кажа, што пра ўсе этапы спецаперацыі дакладваў асабіста прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму. Дэталі гэтай спецаперацыі ведамства абяцае раскрыць бліжэйшым часам.