СБ "Гродна Азота" абураная, што на прадпрыемстве не заканчваюцца "экстрэмісты"

Сход на "Гродна Азоце" / gazeta.azot.by
Служба бяспекі "Гродна Азота" абураная, што на прадпрыемстве не заканчваюцца "экстрэмісты". Сілавікі іх працягваюць выяўляць сярод працаўнікоў. Пра гэта гаварылі ў чацвер на "дне інфармавання" з калектывам цэху карбамід-3.
Перад прысутнымі выступіў выканаўца абавязкаў начальніка СБ прадпрыемства Аляксей Кавальскі. Ён нагадаў, што былі "неаднаразовыя заклікі перагледзець свае сацыяльныя сеткі на наяўнасць экстрэмісцкіх крыніц". І, відаць, гэта зрабілі не ўсе. Бо працаўнікоў "Гродна Азота" і далей прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці "за распаўсюд, выраб, захоўванне, перавозку інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць". Аднак статыстыку не назваў.
Кіраўнік Службы бяспекі таксама паведаміў прысутным, што ў выпадку кадравага пераводу або падаўжэння кантракту, цэнтр кібербяспекі прадпрыемства "правярае сацыяльныя сеткі кандыдата на пасаду, а вынікі праверкі ўлічваюць пры прыняцці рашэння".
На "Гродна Азоце" пасля пратэстаў 2020-га прайшлі шматразовыя "зачысткі" працаўнікоў. Сярод палітвязняў ёсць і былыя супрацоўнікі прадпрыемства. Вясной "кіберпартызаны" правялі чарговую кібератаку на "Гродна Азот" і патрабавалі іх вызвалення.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.