Рух салідарнасці "Разам" патрабуе неадкладна вызваліць Славаміра Адамовіча

Рух салідарнасці "Разам" 2 ліпеня выступіў з заявай, у якой запатрабаваў неадкладна вызваліць затрыманага паэта і грамадскага дзеяча Славаміра Адамовіча. Таксама прадстаўнікі руху патрабуюць спыніць выкарыстанне псіхіятрыі для барацьбы з іншадумствам.
"Найбольш абуральным у гэтай справе з'яўляецца накіраванне беларускага паэта ў псіхіятрычную лякарню, у Навінкі. Нагадаем, што апошнім часам улады выкарыстоўваюць карную псіхіятрыю ў барацьбе з іншадумствам, чаму сведчаннем справы Аляксандра Лапіцкага і Алесі Садоўскай", — гаворыцца ў заяве руху, якую цытуе БелаПАН.
Дакумент падпісалі сустаршыні руху салідарнасці "Разам" Юрый Ляшэнка, Аляксандр Макаеў і Алена Таўстая.
Як паведамлялася раней, Адамовіча затрымалі ў Будславе на Мядзельшыне, куды ён адправіўся наведаць магілы сваіх продкаў. У гэтыя дні ў мястэчку праходзяць урачыстасці ў гонар Будслаўскага абраза Божай Маці. Па тэлефоне Адамовіч паспеў паведаміць журналістам, што яго спынілі людзі ў цывільным адзенні, якія назваліся прадстаўнікамі БРСМ і хацелі даглядзець яго сумку. Калі Адамовіч адмовіўся паказваць ім сумку, яго скруцілі і пасадзілі ў машыну хуткай дапамогі.
Адамовіча спярша адвезлі ў Мядзель, а адтуль накіравалі на псіхіятрычную экспертызу ў мінскую лякарню "Навінкі".