Віктар Ганчарэнка: Ад Лігі чэмпіёнаў засталася недаказанасць… (ФОТА)

9 снежня Віктар Ганчарэнка на прэс-канферэнцыі ў Мінску падсумаваў вынікі сезона. Размова з журналістамі атрымалася шчырай: хаваць таго, што каманда, хаця і стала чэмпіёнам Беларусі, не выканала ўсіх ускладзеных на яе задач, трэнер не стаў.

Віктар Ганчарэнка: “Недаказанасць засталася ад Лігі чэмпіёнаў. Усё ж такі я камандзе казаў, што трэба там хаця б адну перамогу здабыць. А ў нас гэта не атрымалася. 12 матчаў без перамог… Складана гэта перажыць”.

Цяпер каманда адпраўляецца на доўгія зімовыя канікулы. Віктар Ганчарэнка будзе адпачываць з сям’ёй у Карлавых Варах. Можа, заедзе і ў Пльзень, дзе базуецца “Вікторыя”. Таксама ў бліжэйшых планах трэнера — замежная стажыроўка.

Віктар Ганчарэнка: “Мы зараз робім запыты, і, калі будзе ясна, дзе яна пройдзе, абвесцім пра гэта. Але магу намякнуць: самыя цікавыя варыянты для нас — тыя каманды, з якімі мы гулялі. “Мілан” і “Барселона”.

Пры гэтым Віктар Ганчарэнка не разумее, чаму беларускія трэнеры не цікавяцца досведам, які назапасіў барысаўскі БАТЭ. І выпадкаў, каб да яго з просьбамі пра стажыроўку звярталіся б трэнеры з першай ці другой лігі беларускага чэмпіяната, прыгадаць не можа.

Міжсезонне — гэта таксама час для арганізацыйных рашэнняў. Да зімовых вакацыяў адбудзецца яшчэ адзін выканкам Федэрацыі футбола.

Віктар Ганчарэнка: “Што для мяне найбольш важна і цікава: каляндар і трансфернае акно. Бо калі мы сёлета страцілі Радзівонава, Шытава і Няхайчыка, але не мелі магчымасцяў нікога дазаявіць, хаця і жаданне было, і, напэўна, фінансавыя магчымасці мелі, — гэта няправільна. Таму будзем прасіць пасунуць трансфернае акно бліжэй да восені”.

Сёлета БАТЭ паспрабаваў умацавацца сербскім форвардам Матэя Кежманам. Што праўда, атрымалася не вельмі вынікова: ні ў чэмпіянаце Беларусі, ні ў Лізе чэмпіёнаў легіянер не забіў ніводнага гола. Ходзяць чуткі, што ў міжсезонне Кежман пакіне БАТЭ.

“Не, мы з ім яшчэ не развіталіся. Што праўда, я яго пасля матча з “Барселонай” яшчэ не бачыў… Вось так вось ён зайшоў па-руску, а выйшаў па-ангельску… Ведаеце, як гэта — па-руску заходзіць? Гэта калі нагой дзверы адчыняеш. Вось так прыкладна ён і прыйшоў”, — жартуе трэнер.

Але ёсць у БАТЭ і нагоды для гонару. Напрыклад, тое, што журналісты прызналі лепшым футбалістам Беларусі галкіпера барысаўскага клуба і моладзевай зборнай Аляксандра Гутара. Праўда, Віктара Ганчарэнку гэта хутчэй насцярожвае, чым цешыць. Трэнеру вельмі не хацелася б, каб малады (Гутару ўсяго 22 гады) футбаліст спыніўся на гэтым, падумаў, што ён ужо ўсё ўмее.

Віктар Ганчарэнка: “Гэта аванс для яго. Шмат якія гульцы, якіх заўжды заўважна, у гэтым сезоне згулялі не так, як звычайна. Таму лепшым футбалістам прызнаны Гутар. Хаця я аддаю яму належнае: ён згуляў шмат матчаў, а для першага паўнавартаснага сезона дык нават і зашмат. Ён правёў сезон стабільна, без траўмаў. Але што яшчэ скажу: я бачу два відавочныя прабелы, пра якія я з ім размаўляю”.

Аднак назваць гэтыя прабелы Віктар Ганчарэнка адмовіўся.

Тое, ад чаго трэнер перасцерагае свайго галкіпера, у нейкім сэнсе здарылася з самім БАТЭ. Пасля баявой нічыёй з “Міланам” каманда атрымала добрыя шансы трапіць у Лігу Еўропы. Але належным чынам настроіцца на матч з “Вікторыяй” не змагла.

Віктар Ганчарэнка: “Калі мы з “Міланам” унічыю згулялі — гэта для нас была дрэнная паслуга. Калі б мы прайгралі, хаця і не хочацца пра такі варыянт казаць, — мы б больш агрэсіўна падышлі б да матча з “Вікторыяй”.

Але што зроблена — тое зроблена. З 12 матчаў, якія БАТЭ правёў за 2 сезоны ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў, барысаўскі клуб не выйграў ніводнага. Што праўда, здабыў ачкі ў гульнях з грандамі сусветнага футбола — мінулым разам з “Ювентусам”, а сёлета з “Міланам”.

Наўрад ці сёлетняя Ліга чэмпіёнаў для БАТЭ — апошняя. Спадзяецца на гэта і Віктар Ганчарэнка. Бо кажа: іншыя клубы рэгулярна прапануюць яму працу. Але калі ён дагэтуль тут — значыць, ён верыць у БАТЭ.

Дарэчы, на прэс-канферэнцыю Віктар Ганчарэнка прыйшоў з маленькім сынам. “Няма дзе пакінуць”, — паскардзіўся трэнер. Хлопчык ужо пытаецца ў таты, калі яму можна будзе пайсці ў футбольную секцыю.