У Брэсце вынайшлі карысную гарэлку?

111201 Sviardlou Vodka.mp3

“У склад дадзенай гарэлкі ўваходзіць комплексны харчовы дадатак “Віталайт”. Гэта ўнікальны натуральны прэпарат, які аказвае жыватворнае дзеянне пры парушэннях імунітэта, сіндроме хранічнай стомленасці. Таксама ён эфектыўны пры прафілактыцы старэння арганізма”, — паведамляе сайт “Белалка”.

Еўрарадыё вельмі здзівілася такому павароту падзеяў і вырашыла запытацца наўпрост на прадпрыемстве: колькі гаючай гарэлкі трэба выпіць, каб узнавіць імунітэт і нарэшце пазбавіцца сіндрома хранічнай стомленасці. А то ён ужо так стаміў!

“Дадатак — ён на тое і дадатак. Гэта не лекі і не панацэя. Гэта проста маленькая рысачка да таго, каб зрабіць гарэлку яшчэ лепш, — распавядаюць у маркетынгавым аддзеле “Белалка”. —А наконт таго, што вып’еш і зробішся маладым, здаровым і прыгожым — ну, недзе ў глыбіні душы, можа, яно і так!”

Атрымліваецца, што лекавыя ўласцівасці гарэлкі — гэта не больш, чым маркетынгавы ход? Як пакрыўджаныя спажыўцы, мы вырашылі паскардзіцца на недобрасумленную рэкламу.

“Яны напісалі вельмі карэктна і граматна, — выказалі сваю думку ва ўпраўленні гандлю і бытавых паслугаў Брэсцкага аблвыканкама. — Там, дзе паведамляецца пра жыватворны эфект, гаворка не пра гарэлку, а менавіта пра дадатак “Віталайт”.

Больш за тое: па беларускім заканадаўстве, і размяшчэнне рэкламы гарэлкі на сайце прадпрыемства не з’яўляецца парушэннем. Нягледзячы на тое, што сайты вытворцаў алкаголю ні ў якіх “чорных спісах” не засвяціліся, і зайсці на іх можа кожны падлетак. Хоць са школы, хоць з дома, і ў любы час.

“Абмежаванні і забароны на рэкламу алкагольных напояў, усталяваныя іншымі заканадаўчымі актамі, не распаўсюджваюцца на рэкламу алкагольных напояў, якую вытворцы гэтых напояў размяшчаюць на сваіх сайтах у сеціве інтэрнэт”, — цытуюць мне ў Брэсцкім аблвыканкаме Дэкрэт прэзідэнта №3 “Аб некаторых пытаннях дзяржаўнага рэгулявання вытворчасці, абарота і рэкламы піва, алкагольнай прадукцыі і тытунёвых вырабаў” І дадаюць: “Калі да нас прыходзіў на ўзгадненне апошні праект зменаў і дадаткаў у закон “Аб рэкламе”, туды таксама планавалася дадаць такое выключэнне для сайтаў прамысловых прадпрыемстваў. Пакуль жа ў законе гэтага няма. Але ў Дэкрэце з’яўляецца”.

Іншыя інтэрнэт-рэсурсы, якія перадрукоўваюць рэкламны тэкст і выяву бутэлькі з сайта “Белалка”, як кажуць, рызыкуюць. А вось для Брэсцкага лікёра-гарэлачнага завода “Віталайт” стаўся не толькі маркетынгавай фішкай новай гарэлкі, але і яе шчытом ад магчымых прэтэнзіяў з боку незадаволеных рэкламай спажыўцоў.

“Гэтую гарэлку мы выпусцілі як інавацыйны прадукт, — працягваюць маркетолагі з “Белалка”. — “Віталайт” — гэта навінка, такога дадатка раней у нас не было. Апроч таго, што на сайце пра яго напісана, ён яшчэ і змягчальны!”

Культуролаг Максім Жбанокоў мяркуе, што дакладны хімічны склад гарэлкі спажыўцоў асабліва не цікавіць. Для людзей важна, каб саракаградусны напой добра выконваў функцыю хуткай сацыяльнай дапамогі — менавіта такую рэпутацыю, з большага, мае ў Беларусі гарэлка.

Максім Жбанкоў: “Магчыма, гарэлка — гэта адзіны стабільна пазітыўны герой нашай найноўшай гісторыі. А можа, і трошкі далей. Натуральна, гэта не лекі, але, так бы мовіць, ратавальны сродак. Яна ратуе ад псіхалагічных абломаў, ад пабытовага дзікунства. Яна папросту пераключае свядомасць на крыху іншы рэжым працы. Як, напрыклад, мескаль у мексіканцаў. Гарэлка працуе народным сродкам выхада ў астрал, дзе прысутнічае значна большая камфортнасць, чым у нашым вымярэнні”.

Таму Максім Жбанкоў упэўнены: рэклама новай гарэлкі спрацуе. І ў тым, што нехта, нарэшце, дадумаўся не жартам, у на поўным сур’ёзе рэкламаваць “карысную” гарэлку, на яго думку, няма нічога дзіўнага.