Ціхановіч: Каб абраць паўфіналістаў Еўрафэста, журы раілася двойчы
Неабходнасць у гэтым узнікла праз тое, што Еўрабачанне — гэта не проста конкурс песні, але і тэлевізійны конкурс.
Кіраўнік праекта Еўрафэст, Народны артыст Беларусі Аляксандр Ціхановіч распавёў Еўрарадыё пра тое, як журы конкурсу адбірала 15 паўфіналістаў. Для гэтага за адзін дзень давялося зрабіць два паседжанні.
Ціхановіч: “Першы раз гэта было пасля праслухоўвання ў канцэртнай зале. А другі — пасля таго, як нам усё гэта запісалі, і мы прагледзелі запіс па тэлевізары. Бо Еўрабачанне — конкурс тэлевізійны. І тэлевізар у нашым выпадку быў павелічальным шклом: тое, што ў песнях было добра, стала выглядаць яшчэ лепш. І ўсе недахопы таксама павылазілі”.
Па словах Ціхановіча, па выніках другога прагляду спіс паўфіналістаў быў істотна скарэктаваны.
Паўфінал Еўрафэста, па выніках якога з 15 выканаўцаў будуць абраныя 5, пройдзе ў жывым эфіры тэлеканала “Беларусь 1” 21 снежня. Падрабязней пра вынікі першага тура конкурсу неўзабаве слухайце ў эфіры Еўрарадыё і чытайце на нашым сайце!