Справы Лябедзькі, Радзінай і Корбана спынілі, бо не было складу злачынства

Адразу тры фігуранты “справы аб масавых беспарадках у Мінску 19 снежня 2010 года” даведаліся, што іх крымінальны пераслед спынены ў сувязі з адсутнасцю склада злачынства. Такія лісты ўжо атрымалі кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька, актывіст гэтай партыі Алег Корбан і журналістка Наталля Радзіна.

А экс-кандыдат у прэзідэнты Рыгор Кастусёў даведаўся ад кіраўніка следчай групы Сукалы, што і яму нейкі ліст даслалі. Праўда, з якой інфармацыяй — пакуль не вядома.

Рыгор Кастусёў: “Я ўчора нарэшце датэлефанаваўся да кіраўніка следчай групы Сукалы, і ён мне адказаў, што на мой адрас будзе высланы ці ўжо высланы ліст інфармацыйны. Я запытаўся, якая там будзе інфармацыя. Але ён адказаў так: “Атрымаеце, пачытаеце — даведаецеся”. І паклаў слухаўку”.

Палітык спадзяецца, што і яго справа будзе спыненая.

Паводле фармулёўкі, крымінальныя справы былі спыненыя “за адсутнасцю склада злачынства”.

Атрымліваецца, што ўсіх гэтых людзей утрымлівалі ў СІЗА КДБ беспадстаўна. І як сцвярджае юрыст Гары Паганяйла, ўсе яны маюць права на грашовую кампенсацыю.

Гары Паганяйла: “Усе тыя, хто знаходзіўся пад вартай, маюць права на кампенсацыю рэальных страт, звязаных з іх арыштам. Апроч таго — кампенсацыю маральных страт у выглядзе грашовых выплат”.

На такую кампенсацыю мае права нават Рыгор Кастусёў, які за кратамі не сядзеў, а толькі знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. Але выбіваць грошы трэба праз суд.

Гары Паганяйла: “Трэба звяртацца непасрэдна ў суд, і адказчыкамі там будуць непасрэдна тыя органы крымінальнага пераследу, якія абіралі меру стрымання. У выглядзе заключэння пад варту альбо іншай меры стрымання — падпіска аб нявыездзе таксама ідзе сюды. Таксама адказчыкам будуць фінансавыя органы. У дадзеным выпадку — Міністэрства фінансаў, якое ажыццяўляе дзейнасць ад імя казны дзяржавы”.

Вось толькі звязвацца з беларускімі судамі амаль ніхто з “апраўданых” не хоча. Да прыкладу, Анатоль Лябедзька кажа, што яму шкада на гэта часу.

Анатоль Лябедзька: “Я на такім перакрыжаванні: на што траціць час свой? Ці на прафесійную працу, якой я займаюся, ці на гэтыя пытанні? Я пакуль схілены займацца сваёй працай. А гэта — дачакаецца свайго часу: калі можна будзе ці ў Беларусі, ці праз Страсбург, калі будуць такія падставы юрыдычныя і прававыя, вырашаць гэтыя пытанні”.

Такога ж меркавання прытрымліваюцца і Рыгор Кастусёў ды Наталля Радзіна.

Наталля Радзіна: “У беларускі суд?! Гэта смешна. Пакуль суддзяў прызначае Лукашэнка, падаваць туды нейкія пазовы бессэнсоўна”.

Тым болей, што, кажа Анатоль Лябедзька, у яго ёсць больш надзённае пытанне, якое неабходна вырашаць як мага хутчэй — “здабываць” пашпарт, які яму не аддалі і пасля вызвалення з СІЗА КДБ.

Анатоль Лябедзька: “У панядзелак пайду браць штурмам свой пашпарт. Я ўжо саспеў да таго, каб афіцыйна пайсці ў міліцыю і напісаць, што ў мяне пашпарт скрадзены. Скрадзены супрацоўнікамі КДБ”.

І толькі Алег Корбан не выключыў магчымасці свайго звароту ў суд па кампенсацыю маральных страт.

Алег Корбан: “Хутчэй за ўсё, трэба будзе накіраваць такі пазоў. Бо 21 дзень правесці там — гэта, канешне, не шмат, але гэта моцны маральны ўдар. Прычым, падчас гэтай справы я страціў вучобу — я вучыўся ў Кіеве. Ёсць і іншыя страты. Мяркую, трэба такую паперку аднесці”.

А вось Наталля Радзіна не будзе не толькі ў суд звяртацца, але і спрабаваць вернуць сабе свой пашпарт. Як і не спяшаецца вяртацца на радзіму.

Наталля Радзіна: “Я б з задавальненнем вярнулася ў краіну, але сёння я не бачу магчымасці там працаваць. Я добра памятаю тыя допыты ў КДБ, калі мне пагражалі вяртаннем у турму толькі за тое, што я заклікаю Еўропу ўвесці супраць Беларусі эканамічныя санкцыі ў адказ на татальныя парушэнні правоў чалавека. Не кажучы ўжо пра тое, што супраць сайта “Хартыя” распачатыя некалькі крымінальных спраў за публікацыі. Колькі гэтых крымінальных спраў было распачата пакуль я працавала за мяжой, я не ўяўляю”.

Дарэчы, зараз за мяжой знаходзіцца і яшчэ адзін фігурант “справы аб масавых беспарадках” — экс-кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч. Як паведаміў палітык Еўрарадыё, на адрас ягонай кватэры ў Мінску ніякіх лістоў ад праваахоўных органаў пакуль не прыходзіла. Але калі, кажа, і з яго здымуць крымінальны пераслед, то звяртацца ў суд па грашовую кампенсацыю ён не будзе. А вось вярнуцца на радзіму Міхалевіч вельмі хоча.