МЗС адмаўляецца пускаць у краіну польскіх беларусаў
Міністэрства заяўляе, што выдаць візы журналісту Яўгену Вапу і гісторыку Лене Глагоўскай немагчыма.
Пра гэта гаворыцца ў адказе, які атрымала на свой запыт Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Арганізацыя прасіла выдаць уязныя візы польскім беларусам, якія ўваходзяць у Вялікую Раду “Бацькаўшчыны”. Адказ падпісала намесніца міністра замежных справаў Алена Купчына, інфармуе прэс-служба "Бацькаўшчыны".
Нагадаем, старшыні ўправы “Радыё Рацыя” і галоўнаму рэдактару тыднёвіка беларусаў у Польшчы “Ніва” Яўгену Вапу памежнікі без тлумачэння прычынаў анулявалі візу пры ўездзе ў Беларусь у траўні 2011 года. Сёлета ў кастрычніку "Бацькаўшчына" зноў падрыхтавала пакет дакументаў, каб МЗС адкрыла Вапу ўязную візу ў Беларусь. Аднак у лістападзе ў беларускім консульстве ў Беластоку журналіст атрымаў пашпарт са штампам “адмоўлена”.
Старшыні Беларускага культурнага таварыства “Хатка” ў Гданьску Лене Глагоўскай адмовілі ў візе сёлета ў кастрычніку. Гісторык мела прыехаць у Гродна для ўдзелу ў міжнароднай канферэнцыі “Людзі даўняй Гародні”, якую ладзіла Таварыства беларускай школы.
Фота — racyja.eu