Катанні на лыжах у “Лагойску” падаражэлі ў 3 разы

Следам за “Сілічамі” апублікаваў кошты на катанні на лыжах спартова-аздараўленчы комплекс “Лагойск”. У параўнанні з мінулым сезонам “пакатушкі” падаражэлі ў 3 разы.

“Мы прыраўнялі да мінулага года, толькі ўжо па іншым курсе на долар. То бок, мы нашыя беларускія кошты пераводзілі ў долары па старым курсе, а пасля пералічалі па новым”, — распавялі Еўрарадыё ў САК “Лагойск”.

У мінулым сезоне пракат гарналыжнага рыштунку на 3 гадзіны каштаваў у “Лагойску” 24 тысячы рублёў. Сёлета яго кошт узняўся да 70 тысяч. Роўна ў 3 разы падаражэла і карыстанне пад’ёмнікам — з 25 да 75 тысяч за 3 гадзіны. Што праўда, гэта яшчэ не канчатковыя кошты на сезон 2011/2012:

“Пасля Новага года кошты крыху павялічацца. Будуць раздзяляцца буднія і выходныя дні. Нязначна, але павялічацца кошты”, — удакладнілі ў “Лагойску”.

Нагадаем, у “Сілічах” кошты на “пакатушкі” таксама выраслі — у сярэднім у 2,5-3 разы.