Эксперт: Золатавалютныя рэзервы Беларусі трэба памножыць удвая!

111209 SvjardlouDolg.mp3

Яшчэ да травеньскай дэвальвацыі Аляксандр Лукашэнка ў якасці прычыны валютнага крызісу назваў ажыятажны попыт на іншамаркі.

“Вядома, нас вельмі моцна падкасіў вось гэты ажыятаж з аўтамабілямі. Мы паглядзелі — там больш за мільярд…”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Еўрарадыё вырашыла высветліць, ці чакаюць нас такія ж нечаканыя выдаткі ў наступным годзе, і — адразу іх знайшло. У 2012-м сума, якую краіне трэба сплаціць па пазыках, узрастае амаль утрая: да 1 мільярда 616 мільёнаў долараў!

“Усё ж такі сітуацыя змянілася. Каб нас напаткаў такі ж валютны крызіс, як у 2011 годзе, адток валюты з краіны мусіць быць большы”, — супакойвае аналітык даследчай групы BusinessForecast.by Аляксандр Муха.

На думку Аляксандра Мухі, вяртаць пазыку мы будзем з золатавалютных рэзерваў, якія якраз папоўніліся грашыма за продаж “Белтрансгаза”. Плюс так званая інтэграцыйная зніжка на пакупку расійскага газу ў 2012 годзе. Паводле ацэнак даследчай групы BusinessForecast.by, яна складае $2,3 млрд.

“Дэфіцыт крыніцаў знешняга фінансавання Беларусі ў 2012 годзе толькі за кошт газавых пагадненняў з Расіяй скароціцца, паводле нашых ацэнак, на 4,8 мільярды долараў”, — падсумоўвае Аляксандр Муха.

Але і ў 2011 годзе ў Беларусі былі золатавалютныя рэзервы. Крыху больш за 5 мільярдаў долараў.
“Праблема на пачатак года была ў тым, што рэальна на рахунках у іншых банках — на карэспандэнцкіх рахунках Нацбанка — быў 1 мільярд з нечым, — тлумачыць навуковец-эканаміст Аляксандр Гатоўскі. — І, калі на гэтым фоне людзі набылі пад 700 мільёнаў долараў у абменніках на машыны, гэта было адчувальна. Бо практычна ўсе ліквідныя валютныя рэзервы, якія былі ў Нацбанка, давялося даставаць”.

Добра, з тым, каб вярнуць 1 мільярд 616 мільёнаў долараў у наступным годзе, праблемаў не ўзнікне. Але далей — болей! У 2013 годзе мы заплацім па знешніх пазыках $3 млрд, а ў 2014-м — $3,2 млрд! А ў суме гэта ўжо крыху больш, чым ёсць золатавалютных рэзерваў у Беларусі. Нагадаю, на 1 снежня яны складаюць $7,38 млрд.

Аляксандр Муха мяркуе, што і гэтыя лічбы Нацбанку па зубах. Маўляў, нашыя ЗВР будуць расці за кошт крэдытаў і інвестыцый. Але, згодна з нормамі Міжнароднага валютнага фонда, “бяспечны” ўзровень ЗВР роўны трохмесячнаму імпарту краіны. А гэта ў нашым выпадку 11-12 мільярдаў долараў.

Аляксандр Муха: “Для шмат якіх краінаў, якія экспартуюць прадукцыю з высокай валацільнасцю [няўстойлівасць, высокая ступень зменлівасці рынкавай кан'юнктуры, попыту, коштаў. — Заўв. Еўрарадыё.] коштаў (а гэта якраз мы) рэкамендуемым крытэрам з’яўляецца не трохмесячны, а шасцімесячны імпарт. То бок, гэтую лічбу добра было б памножыць у два разы. Плюс улічвайце, што самі па сабе абавязальніцтвы Нацыянальнага банка перад банкаўскай сістэмай з’яўляюцца даволі значнымі. Паводле стану на 1 лістапада гэта 4,6 мільярда долараў. Так ці інакш у бліжэйшыя год-два-тры Нацбанк, акрамя сваіх знешніх абавязальніцтваў, будзе выконваць і ўнутраныя”.

Такім чынам, каб рэзервовыя актывы былі сапраўднай “падушкай бяспекі” і сапраўды ахоўвалі Беларусь ад таго, каб яе прызналі банкрутам, трэба нарасціць ЗВР самае меншае на 4-5 мільярдаў долараў. А з улікам унутраных абавязальніцтваў Нацбанка — на ўсе 8-9 мільярдаў.