Беларускіх спецыялістаў да працы на АЭС будуць рыхтаваць на трэнажоры
У Беларусі будзе створаны поўнамаштабны трэнажор, які мадэлюе розныя сітуацыі на будучай беларускай АЭС.
Пра гэта паведаміў 28 красавіка дарадца дэпартамента камунікацый карпарацыі "Расатам" Андрэй Бухоўцаў падчас прэс-тура на Растоўскую АЭС, перадае БЕЛТА.
Спецыяльны трэнажор, што мадэлюе сітуацыі на атамных электрастанцыях, якія будуць створаны па расійскім праекце АЭС-2006, ужо распрацоўваецца. Такая ўстаноўка абавязкова з'явіцца і ў Беларусі, запэўніў прадстаўнік "Расатама". Трэнажор дазволіць змадэляваць больш за 100 сітуацый, якія ўзнікаюць ва ўмовах нармальнай эксплуатацыі, парушэння ўмоў эксплуатацыі, у аварыйным рэжыме, а таксама ў часе цяжкіх аварый.