Будаўніцтва АЭС пракантралююць прадзяржаўныя зялёныя?

120817 Martynovich aes.mp3

Беларускае грамадскае аб’яднанне “Экалагічная ініцыятыва будзе інфармаваць беларусаў пра будаўніцтва АЭС у Астраўцы. Для гэтага арганізацыя стварае інфармацыйны цэнтр, каб распавесці “як развіваецца энергетыка ў нас і ў свеце”. На дапамогу бяруць экспертаў з Інстытута “Сосны” НАН Беларусі.

“У нашай арганізацыі працуюць як экспертамі, так і кансультантамі прадстаўнікі інстытута “Сосны”. Таксама мы супрацоўнічаем з расійскімі і французскімі калегамі, якія інфармуюць грамадства аб атамнай энергетыцы. У нашай арганізацыі 110 чалавек і яшчэ каля 50 чалавек валанцёраў”, — расказвае старшыня савета “Экалагічная ініцыятыва” Юрый Салаўёў.

Зрэшты, грамадства атрымае магчымасць сачыць за будоўляй АЭС, чаго і дамагаліся. Але Інстытут “Сосны” удзельнічае ў будаўніцтве АЭС, расіяне гэтую АЭС будуюць — аб’ектыўныя ў гэтай ініцыятывы кансультанты.

Ні з “Зялёнай сеткай”, ні з “Экадомам” ці партыяй “Зялёных” ініцыятыва пакуль не супрацоўнічае. “Розныя погляды на развіццё атамнай энергетыкі”, — кажа Юрый Салаўёў.  А вось у Літве, дзе таксама будуюць АЭС, партнёры знайшліся.

“У нас ёсць партнёры з Літвы - Інтстытут рэгіянальнага развіцця і дэмакратыі. Бо Літву моцна хвалюе будаўніцтва нашай АЭС. А нас хвалюе будаўніцтва Вісаглінскай АЭС, захаванне адкідаў поруч з нашай мяжой”, — тлумачыць Юрый Салаўёў.

Ніякіх заўваг да будаўніцтва АЭС і ацэнкі ўздзеяння яе на наваколле ў “Экалагічнай ініцыятывы” пакуль няма. Аналізуюць і… хутка абяцаюць апублікаваць высновы.

Дзіўна, але ў калег з “Экадома” да АЭС пытанні ўжо ёсць, як і да “Экалагічнай ініцыятывы”.

“Відавочна, гэтая арганізацыя дзейнічае ў інтарэсах дзяржавы. Гэта прыкрыванне будаўніцтва, каб адцягнуць увагу ад нашых заяваў. І нешта яны маўчаць, што ўжо пачалося будаўніцтва катлавану без архітэктурнага праекту АЭС. Вось такі маніторынг”, — расказвае кіраўніца “Экадома” Ірына Сухій.

Палітолаг Юры Чавусаў сустракае офісы недзяржаўных арганізацый нават у будынках міністэрстваў. Такія арганізацыя могуць выкарыстоўвацца для прапаганды. Гаворыць эксперт.

Юры Чавусаў: “Грамадскія аб’яднанні падпарадкаваныя дзяржаве могуць выкарыстоўвацца для прапаганды ў шэрагах грамадскасці”.

Цікава, што кіраўнік “Экалагічнай ініцыятывы” Юры Салаўёў у 2001 годзе быў першым сакратаром Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі. Саюз актыўна удзельнічаў у тагачасных выбарах, агітаваў за кандыдата Лукашэнку. Цяпер будзе сачыць за АЭС.

Фота: dzr.by