Распачаўся збор на карысць былой палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк

Паліна Шарэнда-Панасюк у Вільні

Паліна Шарэнда-Панасюк у Вільні / facebook.com/Andrei.Sharenda

Распачаўся збор на карысць былой палітзняволенай Паліны Шарэнда-Панасюк. Яна правяла за кратамі ў Беларусі больш за чатыры гады. Нядаўна была вызваленая і выехала да сям'і за мяжу.

"Паліне патрэбна падтрымка для аднаўлення — як фізічнага, так і эмацыйнага. Таму па просьбе сям'і мы адкрываем гэты збор", піша BYSOL.

Паліна Шарэнда-Панасюк — грамадская актывістка з Брэста. За кратамі яна была са студзеня 2021 года. У чэрвені 2021-га Паліна была асуджана на 2 гады пазбаўлення волі (яе абвінавацілі ў "гвалце" ў дачыненні да міліцыянтаў і іх "абразе", а таксама ў "абразе Лукашэнкі"). У зняволенні яе яшчэ тройчы судзілі за "непадпарадкаванне адміністрацыі", павялічваючы тэрмін. Яна правяла за кратамі чатыры гады і адзін месяц — на волю апазіцыйную актывістку выпусцілі 1 лютага 2025 года. 

Усе гэтыя гады палітзняволеная за кратамі трымалася мужна. Рада БНР узнагародзіла яе медалём ордэну Пагоні.

10 лютага ў Вільні адбудзецца прэс-канферэнцыя Паліны Шарэнда-Панасюк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.