Расійскі наступ на Данбасе затармазіўся — 148-я раніца вайны ва Украіне
Украінскія вайскоўцы на Данбасе / Reuters
Гэтай ноччу абстралялі Мікалаеў. Гарадскі галава Аляксандр Сянкевіч паведаміў у Telegram, што "раздаюцца магутныя выбухі. Горад зноў актыўна абстрэльваюць".
Зноў гэтай ноччу абстралялі і раён Нікаполя. Кіраўнік Днепрапятроўскай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка распавёў, што "вораг ударыў з "Градаў " па Нікапальскім раёне. Выпусціў па Краснагрыгор'еўскай грамадзе 20 рэактыўных снарадаў". Цалкам разбураныя тры жылыя дамы, з дзясятак пашкоджаныя.
Генштаб УСУ раніцай у чацвер паведамляе пра баявыя дзеянні на Бахмуцкім кірунку. Са слоў украінскіх вайскоўцаў, праціўнік тут "хоча стварыць умовы для правядзення наступу на Бахмут і авалодання тэрыторыяй Вуглягорскай цеплаэлектрастанцыяй". Расіяне спрабавалі штурмаваць ў раёне ЦЭС, але беспаспяхова.
Цяперашні расійскі наступ на Данбасе можа прынесці "абмежаваныя дадатковыя тэрытарыяльныя заваёвы" на паўночны ўсход ад аўтамагістралі E40, але ўзяць Славянск або Бахмут расяінам будзе няпроста. Так лічаць аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны.
"За апошнія некалькі тыдняў расійскія войскі не дамагліся значных поспехаў у напрамку Славянска або ўздоўж Северска-Бахмуцкага выступу і працягваюць аслабляць сваю ўласную наступальную баявую моц у лакальных баях за невялікія і адносна нязначныя населеныя пункты па ўсёй Данецкай вобласці", — адзначаюць у Інстытуце. Там нагадваюць, што расіяне пасля захопу Лісічанска 3 ліпеня спрабавалі ўзяць Северск і да гэтага часу (па стане на 20 ліпеня) усё яшчэ не дасягнулі гэтай мэты. Не змаглі расійскія войскі пачаць прамы наступ і на Бахмут — завязлі ў баях за невялікія населеныя пункты на ўсход і поўдзень ад яго.
Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў пракаментаваў вынікі чацвёртага пасяджэння кантактнай групы па абароне Украіны (так званы фармат "Рамштайн"). Паводле яго слоў, у Кіева ёсць дамоўленасць з партнёрамі "трымаць інтрыгу" аб падрабязнасцях дапамогі. Ён толькі адзначыў, што гэтая дапамога ўключае ў сябе пастаўку ўзбраенняў, амуніцыі, трэніроўкі вайскоўцаў і многае іншае.
"Пазітыўным сігналам сустрэчы з'яўляюцца новыя абавязацельствы партнёраў. Якія тычацца і сушы, і мора, і неба", — цытуе міністра "Громадське".
Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным відэазвароце анансаваў "гістарычныя рашэнні" па інтэграцыі Украіны ў Еўрапейскі Саюз. Па яго словах, у цяперашні час ідзе падрыхтоўка да правядзення чарговага саміту Украіна — ЕС. Акрамя таго, будуць зробленыя крокі па інстытуцыянальнаму ўзмацненню дзяржавы, неабходныя для ўступлення ў Еўрапейскі Саюз.
"Неўзабаве могуць быць важкія навіны адносна гэтага — рыхтуем некаторыя гістарычныя рашэнні для нашага ўдзелу ў жыцці аб'яднанай Еўропы", — сказаў Зяленскі.
Францыя перадала Украіне мабільную лабараторыю ДНК. Гэта абсталяванне павінна дапамагчы ў выяўленні і ідэнтыфікацыі ахвяр вайны на акупаваных тэрыторыях.
У офісе ўкраінскага генпракурора адзначылі, што французскія эксперты былі сярод першых, хто прыбыў ва Украіну для дапамогі ў дакументаванні ваенных злачынстваў, учыненых расійскімі вайскоўцамі на тэрыторыі краіны. "Мы ўдзячныя французскім калегам за аказаную падтрымку", — сказаў, прымаючы дапамогу, намеснік генпракурора Максім Якубоўскі.
Прадстаўнікі нацыянальнай жандармерыі Францыі правялі навучанне ўкраінскіх экспертаў, якія будуць працаваць з гэтай мабільнай лабараторыяй ДНК.