Расіяне расстралялі беларуса, які адмовіўся ісці ў “мясны штурм” на Данбасе

Расійская армія

Расійская армія / РИА Новости

Праект “Хачу жыць” паведаміў выданню “Радыё Свабода”, што ўраджэнец Беларусі Павел Глухаў быў расстраляны за адмову ўдзельнічаць у “мясным штурме” ў складзе расійскіх войскаў, верагодна, у Данецкай вобласці Украіны.

Паводле звестак праекта, Павел Глухаў нарадзіўся 8 чэрвеня 1985 года ў вёсцы Звязда. “Радыё Свабода” адзначае, што такія населеныя пункты ёсць у некалькіх раёнах Беларусі. Ён падпісаў кантракт на службу ў расійскай вайсковай частцы №95378 палка 1437. Частку падраздзяленняў гэтага палка фарміруюць з завербаваных зняволеных у турмах і калоніях Расіі.

Перад гэтым, паводле інфармацыі “Хачу жыць”, Павел адбываў пакаранне за забойства ў папраўчай калоніі № 7 ва Удмуртыі. Яго асудзілі паводле часткі 1 артыкула 105 Крымінальнага кодэкса Расіі. Дакладна невядома, ці заставаўся ён грамадзянінам Беларусі на момант падпісання кантракта.

Як адзначае “Радыё Свабода”, полк 1437 вядомы тым, што яго салдатаў выкарыстоўваюць у “мясных штурмах” — нападах на добра ўмацаваныя ўкраінскія пазіцыі. Удзельнікаў часта адпраўляюць у бой без адпаведнай падрыхтоўкі і экіпіроўкі. Калі яны спрабуюць адступіць, іх могуць расстраляць свае ж.

Былыя расійскія вайскоўцы, якім удалося выжыць і трапіць у палон ва Украіне, расказвалі пра жорсткае абыходжанне з тымі, хто адмаўляецца ісці ў штурмы.

Раней ва Украіне назвалі імёны больш як 700 беларусаў, якія ваююць на баку Расіі. З іх 96 загінулі, а 7 трапілі ў палон.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.