Расіяне нанеслі ракетны ўдар па поўдні Украіны — 153-я раніца вайны
Ратавальнікі разбіраюць завалы ў горадзе Чугуеве Харкаўскай вобласці / Reuters
Адразу некалькі рэгіёнаў Украіны мінулай ноччу перажылі ракетныя абстрэлы. Аператыўнае камандаванне "Поўдзень" паведамляе аб масіраваным ракетным удары з ужываннем авіяцыі ў Мікалаеўскай і Адэскай абласцях. У Мікалаеўскай вобласці атакавалі інфраструктуру порта. У Адэскай — ракеты трапілі ў прыватныя дамы прыбярэжных вёсак. На месцах зараз працуюць ратавальнікі — тушаць пажары. Папярэдне пацярпелых няма.
Ноччу быў абстраляны і Харкаў. Пра гэта паведамляе гарадскі галава Ігар Церахаў. "Прыляцела ў адну з частак Харкава, што бліжэй да цэнтра. Традыцыйна трапленне побач з будынкам, якое да ваеннай інфраструктуры не мае ніякага дачынення", — піша ён. Інфармацыі пра пацярпелых таксама пакуль няма.
Выбухі гучалі сёння ноччу і ў акупаваным расіянамі Данецку. Мясцовыя паблікі паведамляюць аб пажары на нафтабазе.
25 ліпеня расійскія войскі дамагліся нязначных поспехаў на поўдні ад Бахмута, але наўрад ці змогуць эфектыўна выкарыстоўваць гэтыя поспехі для ўстанаўлення поўнага кантролю над горадам, мяркуюць у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны.
"Захоп Навалуганскага і Угледарскай электрастанцыі не створыць выгаднага выступу, уздоўж якога расійскія войскі змогуць прасоўвацца на поўнач у напрамку Бахмута", — тлумачаць эксперты.
Акрамя таго, расійскія войскі правялі абмежаваныя наземныя атакі на поўнач ад Харкава, на ўсход ад Северска і на ўсход ад Бахмута. На поўдні — у Запарожскай і Херсонскай абласцях — расіяне ўмацоўваюць свае пазіцыі ў чаканні ўкраінскага контрнаступлення.
Эксперты таксама адзначаюць, што расіяне працягваюць выводзяць дадатковую ваенную тэхніку са складоў у Омску, а таксама сутыкаюцца з пэўнымі праблемамі пры рамонце пашкоджаных баявых машын. Паводле звестак Міністэрства абароны Вялікабрытаніі, на рамонтна-аднаўленчым прадпрыемстве ў Белгародскай вобласці знаходзіцца "прынамсі 300 пашкоджаных транспартных сродкаў (асноўныя баявыя танкі, бронетранспарцёры і дапаможныя грузавікі)".
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў традыцыйным звароце распавёў аб сваіх кадравых рашэннях. Былы камандуючы сіл спецаперацый ВСУ Рыгор Галаган пераведзены на іншую пасаду
"Генерал Рыгор Галаган пераводзіцца на іншы кірунак і з мэтай абнаўлення Службы бяспекі Украіны прызначаны першым намеснікам кіраўніка Цэнтра спецыяльных аперацый "А" СБУ", — распавёў Зяленскі.
На пасаду камандуючага ССА ВСУ прызначаны генерал Віктар Харэнка. Акрамя таго, Зяленскі прыняў рашэнне, што кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Кірыл Буданаў узначаліць яшчэ і Камітэт па пытаннях разведкі пры прэзідэнце Украіны.
Акрамя скарачэння паставак газу ў Германію, пра якое казаў Зяленскі," Газпром" напярэдадні без папярэджання павысіў ціск на газаправодзе "Урэнгой-Памары-Ужгарад " на дзяржмяжы РФ і Украіны. "Несвоечасовае інфармаванне аб такіх зменах патэнцыйна небяспечна для працы ўкраінскай газатранспартнай сістэмы (ГТС)", тлумачыць "Громадське" са спасылкай на прэс-службу аператара ГТС Украіны. У прэс-службе нагадалі, што ў 2009 годзе пры аналагічных абставінах адбылася аварыя на газаправодзе Туркменістана.