Расія распавяла пра тры праблемы сусветнай эканомікі

Расія распавяла пра тры праблемы сусветнай эканомікі

На думку кіраўніка Мінэканамразвіцця Расіі Аляксея Улюкаева, у сусветнай эканоміцы існуюць тры фундаментальных праблемы, якія ў дадатак да геапалітычных фактараў перашкаджаюць яе развіццю. Гэта глабальны спад інвестыцыйнай актыўнасці, скарачэнне сусветнага гандлю і запаволенне прадукцыйнасці працы і капіталу.

"Адным з іх наступстваў з'яўляецца нізкая кан'юнктура сыравінных коштаў, якая, безумоўна, уплывае на фарміраванне бюджэту дзяржавы і хатніх гаспадарак, бюджэтаў кампаній", — цытуе Улюкаева Lenta.ru. Такім чынам, у тым, што расіянам не хапае грошай на жыццё, апынуліся вінаватымі праблемы сусветнай эканомікі.

Расійскі міністр падкрэсліў, што фундаментальныя фактары — гэта надоўга. "Эканамісты называюць гэта новай нармальнасцю. Нам жыць у гэтых умовах, нам жыць з нафтай, умоўна кажучы, плюс-мінус 50 [долараў за барэль. — Заўв. Еўрарадыё]. Нам жыць ва ўмовах ўмераных цэн на металы. Нам жыць ва ўмовах некаторых абмежаванняў на рынках капіталу", — песімістычна дадаў Улюкаеў.