Рагачоўскі чыноўнік выпісваў фальшывыя штрафы і сам іх аплачваў
Рагачоўскі раённы суд вынес абвінаваўчы прысуд былому работніку землеўпарадкавальнай службы райвыканкама.
Як паведамляе БЕЛТА, чыноўніка прызналі вінаватым у злоўжыванні ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі. На працягу двух гадоў спецыяліст афармляў пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, якіх насамрэч не было. Больш за тое, асобы, прыцягнутыя да адказнасці, не ведалі пра тое, што парушылі зямельнае заканадаўства. У зале суда было сказана, што многія штрафы спецыяліст аплачваў сам. Агулам ён склаў каля 160 фіктыўных пратаколаў.
Абвінавачаны цалкам прызнаў сваю віну. Суд прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання пакарання на два гады. Таксама ён пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з юрыдычнай дзейнасцю, тэрмінам на пяць гадоў. Акрамя гэтага, спецыяліст аштрафаваны на 15 мільёнаў рублёў (100 базавых велічыняў).
Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны ў вышэйшай інстанцыі.
Фота — uralskweek.kz