"Пуцін зусім звар'яцеў" — Трамп адрэагаваў на расійскія атакі па Украіне

Дональд Трамп / Getty Images
Дональд Трамп раскрытыкаваў Уладзіміра Пуціна за бамбаванне Украіны і заявіў, што яму не падабаюцца такія атакі. Пра гэта ён сказаў журналістам, вяртаючыся ў Вашынгтон, піша Reuters.
Так ён пракаментаваў паветраны ўдар, нанесены па Украіне ў ноч на 25 траўня. Агулам Расія выпусціла па ўкраінскіх гарадах каля 70 ракет і амаль 300 дронаў-камікадзэ. У выніку атакі загінулі 14 чалавек і больш за 60 пацярпелі, адзначае hromadske.ua. У Жытомірскай вобласці загінулі трое дзяцей з адно сям'і.
Прэзідэнт ЗША дапусціў увядзенне дадатковых санкцый супраць Расіі як рэакцыю на абстрэлы Украіны. Пазней у сваёй сацсетцы Truth Social Трамп апублікаваў допіс, у якім заявіў, што Пуцін "проста звар'яцеў".
"Ракеты і беспілотнікі абстрэльваюць гарады ва Украіне без усялякай прычыны. Я заўсёды казаў, што ён хоча ўсю Украіну, а не толькі яе частку, і, магчыма, гэта аказваецца праўдай, але калі ён гэта зробіць, гэта прывядзе да падзення Расіі!" — заявіў Трамп.
Адначасова ён раскрытыкаваў Зяленскага: заявіў, што той "не аказвае паслуг сваёй краіне, кажучы так, як ён гэта робіць". І чарговы раз Трамп назваў расійскае ўварванне ва Украіну "вайной Зяленскага, Пуціна і Байдэна".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.