Пуцін паабяцаў, што новай "жалезнай заслоны" не будзе
А яго краіна не ўцягнецца ў гонку ўзбраенняў.
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін 4 снежня выступіў з пасланнем да Федэральнага сходу. Ён заявіў, што Расія гатовая прыняць любы выклік часу і перамагчы. Паводле слоў Пуціна, Масква не будзе бяздумна падначальвацца ціску Захаду. І разваліць яе па югаслаўскім сцэнару нікому не ўдасца, як і здабыць ваенную перавагу над Расіяй.
Расійскі прэзідэнт адзначыў, што Расія не будзе будаваць вакол сябе "жалезную заслону" і ісці па шляху самаізаляцыі. Пуцін адзначыў, што адносіны з ЗША і ЕС не будуць зварочвацца. Але ён хацеў бы, каб знізілася залежнасць ад заходніх тэхналогій.
Расійскі прэзідэнт паабяцаў, што Расія будзе заўсёды з павагай адносіцца да народа Украіны. У той жа час ён падкрэсліў, што Крым мае для Расіі "вялізнае цывілізацыйнае і сакральнае значэнне", такое, як Храмавая гара ў Ерусаліме.
Пуцін заявіў, што ўлады Расіі павінны ліквідаваць дыскрымінацыю недзяржаўнага сектару ў сацыяльнай сферы. Кіраўнік Расіі гаварыў пра "спеласць нацыі", пра што, па яго словах, сведчыць рэакцыя расіян на падзеі года. Адносіны бізнэсу і ўлады будуць будавацца на дыялогу, татальнага кантролю над бізнэсам не будзе. Уладзімір Пуцін прапанаваў правесці поўную амністыю капіталаў, якія вяртаюцца ў краіну.
Санкцыі Захаду мусяць паспрыяць развіццю расійскай эканомікі. Адказам на знешнія абмежаванні мусіць стаць свабода развіцця ў эканоміцы, адзначыў расійскі прэзідэнт.
Прыярытэтамі развіцця Расіі Пуцін назваў здаровую сям'ю і бяспеку краіны.
Фота — ria.ru