Псіхолаг пра дзікпікі: ідзіце і разбірайцеся, якую патрэбнасць вы задавальняеце

Псіхолаг Артур Удрыс
Кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак высылаў дзікпікі — то-бок, фота свайго палавога органа — знаёмым дзяўчатам. Дзве з і’х пра гэта расказалі Еўрарадыё.
Пасля выхаду артыкула Андрэй напісаў пост, у якім прызнаўся, што здзяйсняў у жыцці ўчынкі, якімі не ганарыцца. Ён выбачыўся перад тымі, каму яго дзеянні былі непрыемнымі і заявіў, што яны не неслі прымусовы характар. Пазней з’явіўся яшчэ адзін пост, у якім праваабаронца прызнаўся, што мае праблемы з сексульнай залежнасцю і збіраецца іх вырашаць.
Але чаму мужчынам прыносіць задавальненне дасылаць такія фота жанчынам? Як ад гэтага бараніцца і што можна параіць аматарам бавіцца дзікпікамі? Запыталіся ў псіхолага Артура Удрыса.
Чаму мужчыны адпраўляюць жанчынам дзікпікі?
Часам чалавек, адпраўляючы падобныя фатаграфіі, лічыць, што ён так фліртуе. Але такое адбываецца рэдка. Звычайна такія дзеянні — гэта сапраўды сексуалізіраваная агрэсія ў адносінах да чалавека, які прымае паведамленне. Прычыны могуць быць рознымі — альбо жаданне паказаць сябе (маўляў, глядзі, які я), альбо адпраўнік наўмысна шакуе ці нават траўмуе атрымальніцу.
Многія папракаюць жанчын у тым, што яны гадамі маўчаць пра такія сітуацыі. Што перашкаджае жанчынам гаварыць?
Зноў жа, не скажу за ўсіх, але часта жанчыны самі вельмі моцна саромеюцца любых формаў сексуалізаванага гвалту. Ахвяры гвалтаўнікоў могуць маўчаць гадамі, таму што гэта быццам бы кажа пра іх. У дадатак не забываем пра віктымблэймінг, калі людзі кажуць, што ахвяры гвалту самі вінаватыя. Што гэта яны нешта такое рабілі, што атрымлівалі дзікпікі. На гэтым фоне жанчынам прызнавацца яшчэ складаней. З аднаго боку, яны могуць захоўваць фатаграфіі, таму што ім хочацца аднойчы камусьці расказаць пра сітуацыю, каб стала лягчэй, але з другога — ім усё яшчэ страшна ("раптам хтосьці падумае, што я нейкая ненармальная або няправільная?”).
Многія жанчыны прайшлі праз сексуалізаваны гвалт, але маўчаць. Потым нешта здараецца і ўсплываюць гісторыі, як, напрыклад, у выпадку з амерыканскім рэперам P. Diddy [пасля таго, як былая дзяўчына абвінаваціла яго ў аб’юзе, справу хутка замялі па-за судом, але за ёй рушылі ўслед іншыя пазовы з абвінавачваннямі ў прымусе, гвалце і кантролі. — Еўрарадыё] або экс-прадзюсарам Miramax Харві Вайнштэйнам [яго кар'ера павалілася пасля маштабнага секс-скандалу, які паклаў пачатак руху #MeToo. — Еўрарадыё]. Пацярпелыя ад дзеянняў гэтых знакамітых на ўвесь свет людзей таксама доўга маўчалі, таму што ім было страшна. Але потым, калі загаварыла адна, іншыя ўбачылі, што яе ніхто не засароміў і не аблаяў, і гэта надало ім упэўненасці таксама загаварыць.
Пасля тэксту на Еўрарадыё, Андрэй Стрыжак напісаў пост з выбачэннямі. На вашую думку, ён папрасіў прабачэння? Шмат каму падалося, што тэкст быў фармальным і маніпулятыўным.
Я б сказаў, што ў тым пасце Андрэй пазбягаў пачуцця віны за ўласны ўчынак. Гэта выглядала так, таму што, напрыклад, пост быў бязадрасным. Ён не сказаў, напрыклад, перад кім і за што просіць прабачэння. Усё напісана абцякальна. Гэта значыць, як быццам бы — так, я вінаваты, але... Усё, я ўжо папрасіў прабачэння. Давайце не будзем на гэтым завастраць увагу.
Праз некалькі дзён рушыў услед яшчэ адзін пост…
Так. І гэта ўжо іншая справа. Па-першае, ён кажа пра сексагалізм (або сексуальную залежнасць). Ён прызнае факт наяўнасці праблемы і кажа, што будзе з ёй працаваць. Па-другое, "крыўду заўседы вызначае пакрыўджаны" — тут ён кажа ўжо пра чужое ўспрыманне. Гэта значыць, калі я кагосьці пакрыўдзіў, значыць, так і ёсць. Гэта адрозніваецца ад першапачатковага ”выбачэнні ўсім, каго мае дзеянні МАГЛІ пакрыўдзіуць”. Па-трэцяе прызнае, што за свае дзеянні ён павінен панесці пакаранне. Гэта рэальна падобна на прабачэнні і прызнанне віны.
А што можна сказаць з пункту гледжання псіхалогіі пра рэакцыю беларусаў на гэтую гісторыю?
Шчыра кажучы, я не ведаю ўсёй рэакцыі. Бачыў, што хтосьці асуджае Андрэя і не лічыць, што ён папрасіў прабачэння. Хтосьці — наадварот, падтрымлівае. Ёсць мужчыны, якія кажуць — ну так, а што тут такога? Я ўспамінаю гісторыю Жэрара Дэпардзье, які шчыпаў за попы сваіх калегаў, а потым у судзе казаў, маўляў, а што тут такога, я ж нікога не згвалціў, гэта ж не гвалт?! І пракурор тады казаў, што да абвінавачанага так і не ўдалося данесці тое, у чым ён вінаваты. Таму, чытаючы каментары ў духу “што тут такога?", я бачу, што далёка не ўсе людзі (асабліва мужчыны) разумеюць, што дасылаць няпрошаныя дзікпікі — гэта, мякка кажучы, не камільфо.
Што вы можаце параіць мужчынам, якія забаўляюцца дзікпікаміі?
Я рэкамендую толькі адно: ідзіце і разбірайцеся, якую патрэбу вы такім чынам задавальняеце. Таму што хутчэй за ўсё ваша патрэба зусім не ў тым, каб дасылаць такія фота знаёмым або незнаёмым жанчынам. Калі вы разбярэцеся, то зможаце і сваю патрэбнасць задаволіць, і не быць таксічным для іншых — то-бок знайсці экалагічны спосаб задавальнення сваёй патрэбы. Гэта будзе шчасце і вам і іншым.
Чаму важна агучваць такія гісторыі? Ці правільна зрабілі дзяўчыны, што распавялі пра тое, што з імі здарылася?
Гэта адзін з варыянтаў барацьбы супраць такіх паводзін. Я не ведаю, правільна ці няправільна яны зрабілі, але мне здаецца, што апублічвваць такія гісторыі ў прынцыпе трэба. Зноў жа, мы не замятаем усё пад канапу і не робім выгляд, што ў нас усё добра, — я думаю, што гэта і адрознівае частку дэмакратычнага грамадства: мы змагаемся за нейкія ідэалы і пры гэтым застаемся людзьмі са сваімі праблемамі. Вось, магчыма, гэта адна з такіх праблем. Калі не казаць пра гэта, калі гэтага не заўважаць, то вырашыць яе не атрымаецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.