Прыёмная, гімназія, бізнэс — дзе цяпер працуюць фаварыткі Лукашэнкі

Уладлена Зайцава і Аляксандр Лукашэнка / president.gov.by
Журналісты расследніцкага праекта “Бюро” даведаліся, дзе цяпер працуюць знакамітыя фаварыткі Лукашэнкі.
Напрыклад, магіляўчанка Уладлена Зайцава, якая ўдзельнічала ў конкурсе “Міс Беларусь – 2021”, з лета 2022 года афіцыйна лічыцца галоўнай дарадцай у прыёмнай Лукашэнкі.
З ёй у пары працуе Кацярына Гумянюк, якая трапляла ў поле зроку СМІ яшчэ ў 2020 годзе на святкаванні Дня Незалежнасці — 3 ліпеня.
Як распавёў журналістам былы дзяржаўны службовец, праца ў Адміністрацыі Лукашэнкі — гэта не толькі годная зарплата, але і трамплін у “светлую будучыню”.
А вось былая памочніца Лукашэнкі і “Каралева Вясны — 2013” Дар’я Шманай цяпер дарадца-пасланніца ў амбасадзе Беларусі ў Расіі. І нягледзячы на гэта, яна атрымлівае рэгулярную зарплату ад беларускага МЗС — за пяць гадоў сумарна выйшла амаль 120 тысяч беларускіх рублёў да выліку ўнёскаў у ФСАН і падаходнага падатку. Напрыклад, у 2024 годзе ейны аклад складаў прыкладна 3,6 тысячы беларускіх рублёў брута штомесяц, налічылі журналісты.
Маладая настаўніца Марыя Багамолава, якая працавала ў школе ў Астрашыцкім гарадку, дзе вучыўся Мікалай Лукашэнка, атрымала пасаду ў службе пратаколу кампаніі “кашалька” Лукашэнкі — Міхаіла Гуцарыева — “Слаўкалій”. Але пасля зноў вярнулася да выкладання і зноў трапіла ў бізнес — да Аляксандра Машэнскага ў “Санта Рытэйл”. У жніўні 2022 года ўсё ж вярнулася ў школу і цяпер выкладае ў QSI International School, дзе вучацца пераважна дзеці супрацоўнікаў амбасадаў у Мінску.

Дзве сяброўкі, якіх можна было пабачыць на фотаздымках з Лукашэнкам — Аліна Роскач і Дар’я Краўчук — уладкаваліся ў бізнес.
Кар’ерны шлях першай звязаны з фірмамі Сяргея Цяцерына: Аліна з 2019 года займае пасаду вядучай спецыялісткі па арганізацыйна-кадравай працы ў “БелГлабалСтар” і з 2020 года — тую ж пасаду ў “ФудКам’юніці”. Потым дзяўчына ўладкавалася ў трэцюю кампанію — “Міравіжн”, якая займаецца размяшчэннем рэкламы ў СМІ. Яе ўласнік — нехта Сяргей Галабародзька.
А Дар’я Краўчук цяпер працуе ў “Тытунь-Інвест”, якой суўладальнік — “кашалёк” Лукашэнкі Павел Тапузідзіс.
Лёс адной з самых вядомых фаварытак — Марыі Васілевіч — цягнуўся ад тэлебачання і дэпутацкага крэсла да стварэння ўласнага бізнесу.

“У красавіку 2024 года яна зарэгістравала кампанію “Амалем”, якая будзе займацца аптовым гандлем фармацэўтычных, ветэрынарных, медыцынскіх і артапедычных тавараў. Ва ўласнасці былой прадстаўніцы заканадаўчай улады — 49 % акцый. 51 % фірмы запісаны на Алену Казак — асабістую доктарку-анестэзіёлагку-рэаніматолагку Лукашэнкі”, — пішуць журналісты.
Кампанія “Амалем” у 2024 годзе не вяла фактычнай дзейнасці, не мела прыбытку, аднак атрымала крэдыт у 1,6 мільёна беларускіх рублёў.
“Акрамя таго, з ліпеня 2024 года Марыя Васілевіч лічыцца вядучай спецыялісткай па камерцыйнай дзейнасці ў прыватнай кампаніі “Лігматон”. Да жніўня 2024 года яе кантралявалі сем’і тытунёвых магнатаў — Паўла Тапузідзіса і Віктара Пятровіча”, — высветлілі “Бюро”.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.