Прыпыніла працу найбуйнейшая на Брэстчыне школа замежных моваў
Курсы замежных моваў, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Беларусі працягваюцца праблемы ў адукацыйных цэнтраў. У Брэсце прыпыніла працу школа замежных моў "АКЦ Мост", паведамляе "Позірк".
Пра адмену заняткаў і прыпыненне дзейнасці курсаў студэнтам і іх бацькам паведамілі ў групавых чатах. Прычыны не патлумачылі.
Офіс "АКЦ Мост" 13 лістапада быў апячатаны. Пры гэтым ні на сайце ўстановы, ні ў яе сацыяльных сетках установы не гаворыцца пра спыненне працы.
"АКЦ Мост" зарэгістраваны ў 2006 годзе. Там навучаюць польскай і англійскай мовам, псіхалогіі, рыхтуюць да ЦТ і паступлення ва ўніверсітэты.
Навучанне ў школе прайшло больш за 18 тысяч чалавек. Гаворыцца, што "Мост" — гэта "найбуйнейшы цэнтр вывучэння замежнай мовы ў Брэсце і Брэсцкай вобласці".
Пасля 2020 года рэжым Лукашэнкі стаў актыўна зачыняць моўныя школы і курсы, дзе вывучаюць польскую мову. На пачатку 2024 года польскія СМІ пісалі, што сілавікі дамагліся закрыцця каля дзесяці прыватных установаў, дзе навучалі польскай мове.
У кастрычніку пад ліквідацыю трапіла самая вядомая ў Беларусі прыватная школа замежных моў Streamline Language School. Паводле звестак "Альянса расследавальнікаў Беларусі", прычынай ліквідацыі стала праверка, якую правялі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў дзяржкантролю (ДФР).