Прылёт "Калібраў" ў Адэскай вобласці, ёсць параненыя — 146-я раніца вайны
Украінскія вайскоўцы вядуць агонь па праціўніку ў Данбасе / Reuters
Ракетныя абстрэлы перажылі гэтай ноччу жыхары Адэскай і Днепрапятроўскай абласцей. Па Нікапалю расіяне выпусцілі да 40 рэактыўных снарадаў, паведамляе кіраўнік Днепрапятроўскай адміністрацыі Валянцін Разнічэнка. Пацярпелі два прамысловыя прадпрыемствы і некалькі прыватных дамоў. Нікапаль, нагадаем, абстрэльваюць ўжо некалькі дзён запар.
Па Адэскай вобласці расіяне ўдарылі крылатымі ракетамі "Калібр". Было выпушчана сем ракет. Адну ўкраінцы збілі. "Шэсць трапілі па мірнаму сялу. Пацярпелі шэсць чалавек, у тым ліку адно дзіця", — цытуе УНІАН паведамленне аператыўнага камандавання "Поўдзень".
Быў пажар. Пашкоджаныя дамы, школа і дом культуры.
Генштаб УСУ раніцай ў аўторак паведамляе, што ўкраінскія вайскоўцы адбілі атакі расіян на некалькіх напрамках у Данецкай вобласці. Расіяне "штурмавалі паблізу Спорнага, адышлі. Спрабуюць наступаць у напрамку Грыгараўкі, баявыя дзеянні працягваюцца". Акрамя таго, па паведамленнях Генштаба, УСУ адбілі ўсе спробы штурму ў кірунку Семігор'я, Вяршыні, Пакроўскага і тэрыторыі Углегорскай ЦЭС.
Ва ўкраінскім Генштабе таксама адзначаюць, што пагроза ракетных і авіяцыйных удараў з тэрыторыі Беларусі захоўваецца. У прыгранічных раёнах рэспублікі працягваецца ратацыя вайскоўцаў.
Тым часам у амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны адзначаюць, што РФ, падобна, засяроджваецца на захопе двух гарадоў на Данбасе — Северска і Бахмута. Славянск пакуль не з'яўляецца прыярытэтнай мэтай. Такую выснову эксперты Інстытута зрабілі па выніках учорашняй сустрэчы міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу з камандуючым Усходняй групай войскаў генерал-лейтэнантам Рустамам Мурадавым.
"Крэмль, верагодна, засяроджвае ваенныя рэсурсы і высокапастаўленае кіраўніцтва на лакальных і дыскрэтных поспехах вакол Северска і Бахмута, нягледзячы на больш раннія заклікі Шайгу да актывізацыі аперацый па ўсіх напрамках наступу", — гаворыцца ў справаздачы экпертаў.
Эксперты інстытута таксама прагназуюць магчымае напружанне ў рэгіёнах Расіі з-за жадання прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна "засцерагчы этнічных рускіх ад высокага ўзроўню мабілізацыі". І эксперты Інстытута, і іншыя назіральнікі адзначалі, што на баку Расіі супраць Украіны часта ваююць неэтнічных рускія батальёны, у склад якіх уваходзяць войскі з Чачні, Паўднёвай Асеціі, Тувы, Татарстана, Башкартастана, Чувашыі і іншых рэгіёнаў. Тым часам ва Усходняй Сібіры з'явіўся рух "Новая Тува" — антываенная арганізацыя, якая складаецца з актывістаў Тувінскай нацыянальнай меншасці. У Расіі іх ужо пачалі абвінавачваць ў распаўсюдзе антываеннай прапаганды і распальванні міжнацыянальнай варожасці.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падзякаваў хлопцу, які выйшаў на вуліцы Марыупаля са сцягам Украіны. Аб гэтым учынку напярэдадні распавялі ў гарсавеце Марыупаля.
"Сёння па навінам разышоўся фотаздымак хлопца з Марыупаля, які выйшаў на вуліцу з украінскім сцягам. Выйшаў да рэшткаў будынка драмтэатра, разбуранага расійскімі войскамі. Гэта было вельмі смела. І я хачу падзякаваць яму за гэты ўчынак", — сказаў Зяленскі.
Ён адзначыў, што Расія трымае людзей на акупаваных тэрыторыях у інфармацыйным вакууме і штодня "закідвае" іх новай хлуснёй пра Украіну. "Але, нягледзячы на прапаганду і запалохванне, людзі не толькі не забываюць пра Украіну, але і дэманструюць, што яны на самой справе думаюць і чаго хочуць", — сказаў украінскі прэзідэнт і зноў папрасіў усіх, хто можа, мае для гэтага кантакты, даносіць да людзей на акупаваную тэрыторыю рэальную інфармацыю.
Расейскія ўлады рыхтуюць рэферэндум у Луганскай вобласці, нягледзячы на тое, што некалькі вёсак па-ранейшаму знаходзяцца пад кантролем УСУ. Пра гэта піша кіраўнік Луганскай ваеннай адміністрацыі Сяргей Гайдай. З ягоных слоў, правесці галасаванне расіяне "планавалі 11 верасня, але могуць раней".
"У акупаваных гарадах захопнікі раздаюць газэты з матэрыяламі пра "пазітыў" фашысцкага рэжыму. Акупацыйныя ўлады ўжо стварылі "штаб" па падрыхтоўцы псеўдавыбараў без выбару", — распавядае Гайдай. Пры гэтым ён нагадвае, што рэгіён цалкам так і не захоплены. Акрамя таго, яго радуе настрой мясцовага насельніцтва. Са слоў Гайдая, людзі чакаюць дэакупацыю: "і ў Луганску, і ў Алчэўску, і ў Кадзіеўцы ... ва ўсіх населеных пунктах украінскай Луганшчыны".