Прычынай смерці школьнай настаўніцы ў Брэсце стала ўтапленне
Прычынай смерці школьнай настаўніцы,труп якой знайшлі ў Брэсце каля берага ракі, стала ўтапленне. Такое заключэнне зрабіла судмедэкспертыза, заявіў старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч.
"Ці з'яўляецца яно следствам самагубства альбо гэта няшчасны выпадак — пакуль казаць рана. Наперадзе яшчэ вялікі аб'ём следчых мерапрыемстваў", — цытуе словы Наскевіча БелаПАН.
Паводле яго слоў, слядоў гвалтоўнай смерці настаўніцы не было выяўлена. Пакуль незразумела, як яна і з якой мэтай апынулася ў гэтым бязлюдным месцы, дзе яе знайшлі мёртвай.
Як паведамляла Еўрарадыё, цела 38-гадовай Валянціны Голуб, настаўніцы сярэдняй школы № 9 Брэста, было знойдзена 29 студзеня каля берага ракі Мухавец у замёрзлай вадзе на нізінным участку мясцовасці. 22 снежня 2015 года жанчына пайшла са школы пасля працы і дома не з'явілася. Яе мабільны тэлефон застаўся на працы. На наступны дзень у міліцыю звярнуўся муж зніклай. Праваахоўнікі працягваюць высвятляць акалічнасці смерці жанчыны.