Праваабаронцы патрабуюць вызваліць усіх затрыманых па "справе TUT.by"
Беларускія праваабаронцы патрабуюць вызваліць усіх затрыманых па "справе TUT.by", а таксама спыніць ціск на свабоду выказвання, журналістаў і незалежныя медыя, спыніць палітычна матываваны пераслед і вызваліць усіх палітычных зняволенных. Сумесную заяву праваабаронцаў падпісала і Беларуская асацыяцыя журналістаў.
"Мы лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да супрацоўнікаў найбуйнейшага і папулярнага ў краіне інфармацыйнага рэсурсу з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне", — падкрэсліваюць аўтары заявы. Адзначаецца, што "спасылкі ўладаў [Беларусі] на эканамічныя парушэнні, якія нібыта сталі падставай для пераследу, ужо шмат гадоў актыўна выкарыстоўваюцца дзеля абгрунтавання рэпрэсіўных захадаў супраць праваабаронцаў, медыя, незалежных прафсаюзаў".