Праціўніка вайны Надзеждзіна не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты Расіі
Барыс Надзеждзін / ria.ru
Барыса Надзеждзіна, які ішоў на прэзідэнцкія выбары ў Расіі пад антываеннымі лозунгамі, не зарэгістравалі кандыдатам у прэзідэнты.
Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК) прызнала несапраўднымі 9147 подпісаў у яго падтрымку. У прыватнасці, у падпісных лістах за Надзеждзіна знайшлі даныя 11 памерлых чалавек, а 858 подпісаў прызналі несапраўднымі праз недакладнасць звестак выбарцаў.
Для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты дапускаецца не больш як 5% бракаваных подпісаў. У выпадку Надзеждзіна гэта мусіла быць 5250 подпісаў.
Кандыдатам у прэзідэнты Надзеждзіна вылучыла партыя "Грамадзянская ініцыятыва". У яго штабе казалі, што па ўсёй Расіі ў яго падтрымку сабралі больш за 200 тысяч подпісаў, а ў ЦВК здалі 105 тысяч. Для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты ад непарламенцкай партыі ў Расіі неабходна не менш як 100 тысяч подпісаў.