Польскую сістэму плацяжоў BLIK атакавалі боты з Беларусі і Расіі
Польскую сістэму Blik атакавалі з Беларусі і Расіі / pexels.com
Праблемы з польскай сістэмай плацяжоў BLIK былі выкліканыя DDoS-атакамі, якія праводзіліся з тэрыторыі РФ і Беларусі. Пра гэта ў каментары польскім СМІ заявіў міністр лічбавізацыі Польшчы Кшыштаф Гаўкоўскі.
"Мы можам сказаць, што ўсе сляды, якія датычаць таго, адкуль адбываліся атакі ботаў, якія хацелі заблакаваць сеткавы трафік, былі з Расіі і Беларусі", — перадае выданне MOST словы польскага чыноўніка.
Паводле Гаўкоўскага, у польскай кіберпрасторы штодня адбываюцца "сотні і нават тысячы" небяспечных інцыдэнтаў. Але Польшчы ўдаецца папярэдзіць 99% кібератак. Міністр заявіў, што кіберпрастора стала полем гібрыднай вайны.
Збоі ў сістэме плацяжоў BLIK былі зафіксаваныя 1 і 3 лістапада. Падчас другога збою карыстальнікі казалі, што коды генеруюцца, сродкі спісваюцца, але плацяжы не даходзяць да атрымальнікаў. Пра выпраўленне сітуацыі аператар паведаміў праз некалькі гадзін. Людзям абяцалі, што грошы вернуцца ім аўтаматычна. Калі вяртанне не адбудзецца цягам 48 гадзін, карыстальнікам раілі звярнуцца ў банк, праз мабільную праграму якога выконвалася транзакцыя.