Польшча адмовілася выдаць Беларусі яе грамадзяніна, якога шукалі праз Інтэрпол
Польшча адмовілася выдаваць Беларусі яе грамадзяніна, якога шукалі праз Інтэрпол. Улады нашай краіны абвінавачвалі яго ў махлярстве, а адным з пацярпелых называўся чалавек, цесна звязаны з Адміністрацыяй прэзідэнта, піша газета Rzeczpospolita.
Вадзім жыве ў Польшчы з 2017 года. У лютым 2020-га яго затрымалі па ордэры Інтэрпола. Беларус настойваў, што ні ў чым не вінаваты, а ягоны пераслед носіць палітычны характар. Справу разглядаў Акруговы суд у Варшаве. З Беларусі выклікалі сведкаў, якія пацвердзілі версію Вадзіма: маўляў, падалі заявы ў міліцыю пад пагрозай рэпрэсій, а насамрэч не маюць прэтэнзій да яго.
У выніку суд прыйшоў да высновы, што запыт беларускіх уладаў аб выдачы з'яўляецца палітычным, і адмовіўся задавальняць яго. 20 лютага 2021 года міністр юстыцыі Польшчы адмовіць уладам Беларусі у выдачы іх грамадзяніна.
Сёлета Следчы камітэт Беларусі накіраваў у Польшчу дакументы на экстрадыцыю беларускіх грамадзян Сцяпана Пуцілы і Рамана Пратасевіча, стваральнікаў ТГ-канала, прызнанага ў Беларусі экстрэмісцкім. Яны былі ўнесены КДБ у пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.