Пінскія лекары не прызнаюць сваю віну ў гібелі 2-гадовага хлопчыка (відэа)
Няшчасны выпадак адбыўся 12 кастрычніка.
Як паведамляла Еўрарадыё, у Пінскую цэнтральную лякарню прывезлі хлопчыка з дыягназам "іншароднае цела ў бронхах" (ён праглынуў пацеркі). У прыёмным пакоі дзіця агледзелі лекары, была прызначаная аперацыя. Хлопчык памёр на аперацыйным стале.
Следчы камітэт лічыць, што медыкі неналежным чынам выканалі прафесійныя абавязкі. Распачатая крымінальная справа.
Як паведамляе тэлеканал АНТ, лекары сваёй віны ў гібелі хлопчыка не прызнаюць. Яны перакананыя, што зрабілі ўсё магчымае, каб яго выратаваць. Паводле іх словаў, аперацыя праходзіла пад агульным наркозам. Каб дастаць пацеркі, медыкі выкарысталі сучаснае абсталяванне. Дапамогу хлопчыку аказвала вялікая брыгада кваліфікаваных спецыялістаў — восем чалавек.
Калі віна лекараў будзе даказаная, ім пагражае да пяці гадоў пазбаўлення волі.