Пінчук памёр, засеўшы ў акне веранды свайго дома
32-гадовы пінчук памёр, засеўшы ў акне веранды свайго дома. Пінскі міжраённы аддзел Следчага камітэта праводзіць праверку па факце смерці мужчыны. Як паведамляе БелаПАН, труп мужчыны знайшлі 2 студзеня ў Пінску, у аконным праёме веранды кватэры па месцы жыхарства. У гэтым праёме ўстаноўленыя два гарызантальныя драўляныя брускі на адлегласці 17 см адзін ад аднаго. Брускі прышрубаваныя балтамі, каб абараніць памяшканне ад пранікнення. Гэтыя абмежавальнікі не дазволілі мужчыну выбрацца вонкі: ён засеў паміж імі.
У момант трагедыі ўваходныя дзверы кватэры былі зачыненыя, ключ знаходзіўся ў замочнай шчыліне з боку вуліцы. У доме іншых людзей не было.
Мяркуецца, што напярэдадні мужчына распіваў спіртныя напоі. Ён жыў адзін, нідзе не працаваў.
Для ўстанаўлення прычыны смерці пінчука прызначаная судова-медыцынская экспертыза. Згодна з папярэднімі звесткамі, ён загінуў ад пераахаладжэння.
Фота: ria.ru