Перапіску Кавалеўскага і Ціханоўскай злілі ў інтэрнэт

Святлана Ціханоўская і Валерый Кавалеўскі

Святлана Ціханоўская і Валерый Кавалеўскі / x.com/Tsihanouskaya/

Крайне левае амерыканскае выданне The Grayzone апублікавала артыкул са злітай перапіскай Святланы Ціханоўскай і Валерыя Кавалеўскага. Гэтае выданне раней было заўважанае ў палітычнай прадузятасці, распаўсюдзе прарасійскай прапаганды і канспіралогіі, піша "Наша Ніва".

Асноўны зліў — перапіска Ціханоўскай і Кавалеўскага наконт праекта пашпарта Новай Беларусі. Кавалеўскі адказваў за гэты праект на пасадзе намесніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета і прадстаўніка па замежных справах.

Падзеі, апісаныя ў артыкуле, адбываліся ў чэрвені 2024 года. Тады літоўскае прадпрыемства, якое працавала над праектам пашпарта, абвінавацілі ў сувязі з Віктарам Шаўцовым — "гаманцом" Лукашэнкі. У лістах Кавалеўскі выказвае палёгку, што гэты скандал здарыўся да пачатку друку пашпартоў, і згадвае іншыя памылкі ў праекце. Таксама ён піша, што "ісландцы далі задні ход" наконт пэўных дамоўленасцяў наконт пашпарта.

Ціханоўская ў ліставанні дае зразумець, што асобных грошай на пашпарт не прадугледжана, што выклікала ў Кавалеўскага здзіўленне. У выніку Ціханоўская вінаваціць Кавалеўскага ў правале праекту — нібыта ён карміў беларусаў абяцанкамі, але не стварыў неабходную інфраструктуру і не запусціў народны краўдфандынг. Кавалеўскі пярэчыць, што ён нават не быў пагружаны ва ўсе справы і фінансы, хаця быў адказным куратарам. Ён патрабуе вярнуць яму ўсе паўнамоцтвы кіраўніка, інакш пагражае пакінуць пасаду — урэшце так і адбылося.

У каментары "Нашай Ніве" Кавалеўскі пацвердзіў, што ў артыкуле прыводзяцца сапраўдныя цытаты з ліставання. Ён дадаў, што пасля сыходу з АПК не кантраляваў пошту: "Я нікому нічога з пошты не перадаваў. Доступ да маёй былой пошты ёсць толькі ў АПК".

У Офісе Ціханоўскай кажуць, што іх пошту ніхто не ўзламаў. Прэс-служба Аб'яднанага пераходнага кабінета заяўляе, што паглыбленая праверка не выявіла слядоў узлому іх пошты: "Прыведзеная ў артыкуле выдання The Grayzone перапіска адбывалася 1‑3 чэрвеня 2024 года. 26 чэрвеня 2024 года Валер Кавалеўскі абвясціў пра сваю адстаўку. Тэхнічна доступ да пошты захоўваўся за ім на тэрмін, неабходны для перадачы спраў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.