Пастар з Новалукомля зноў асуджаны на 15 сутак арышту
Аляксандр Зарэцкі / vitebskspring.org
Пастар евангельскай царквы з Новалукомля Аляксандр Зарэцкі зноў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. На гэты раз "крамолу" знайшлі ў яго казанні падчас набажэнства. Судзілі Зарэцкага па артыкуле "Парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў", паведамляе "Хрысціянская візія".
Затрыманне пастара адбылося ў Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці 22 лютага. За малітву за спыненне вайны ва Украіне, якая гучала ў яго абшчыне падчас набажэнстваў, Аляксандра Зарэцкага арыштавалі на 15 сутак. А днямі быў асуджаны паўторна.
Адзначаецца, што раней мясцовыя ідэолагі неаднаразова выказвалі прэтэнзіі пастару за згаданыя малітвы і пагражалі пераследам. Мясцовых чыноўнікаў незадавальняла і тое, што Зарэцкі адмаўляўся ўдзельнічаць у палітычных мерапрыемствах.
Вясной 2023-га пастар правёў за кратамі месяц. Яго двойчы асудзілі на 15 сутак адміністрацыйнага арышту за "распаўсюд экстрэмісцкай прадукцыі".