Пасля сутычкі двух пазадарожнікаў адзін з іх выкінула на аўтобус (фота)
Здарэнне адбылося ўвечары 26 траўня на вуліцы Лабанка ў Мінску. Пры аварыі, на шчасце, ніхто не пацярпеў.
Але абставіны здарэння пакуль выклікаюць шмат пытанняў, адзначае onliner.by са спасылкай на ДАІ Фрунзенскага раёна.
Паведамляецца, што аўтамабілі Kia Sorento і Toyota 4Runner ехалі па вуліцы ў напрамку метро "Каменная Горка". Што адбылося паміж імі, не дужа ясна, але Toyota вылецела на сустрэчную паласу, па якой праязджаў аўтобус МАЗ. Ад удару заднюю частку машыны падняло ў паветра, і яна ўрэзалася ў лабавое шкло аўтобуса.
Абодва кіроўцы прызнаваць сваю віну адмаўляюцца. Кіроўца Toyota сцвярджае, што другі ўдзельнік ДТЗ спрабаваў павярнуць у двары з другой паласы, не заўважыўшы, што па крайняй левай праязджае яго аўтамабіль. Уладальнік Kia лічыць, што вінаватым з'яўляецца першы аўтамабіліст, а ён толькі прапускаў аўтобус.
У ДАІ кажуць, што цяпер ідзе разбіральніцтва.



Фота — onliner.by