Пасля праверкі тэлефонаў у Магілёве судзілі двух вайскоўцаў

Адбылася праверка асабістых тэлефонаў вайскоўцаў / Ілюстрацыйнае фота БЕЛТА
Пасля праверкі тэлефонаў у Магілёве судзілі двух вайскоўцаў. Іх абвінавацілі ў распаўсюдзе "экстрэмісцкіх матэрыялаў". Як піша @MAYDAYMog, в/ч 63615 у Магілёўскім раёне ў жніўні сёлета наведалі ваенныя контрразведчыкі і супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС. Адбылася праверка асабістых тэлефонаў вайскоўцаў, па выніках якой былі "прынятыя меры". У Руслана М. і Рамана Х. знайшлі матэрыялы "экстрэмісцкай накіраванасці" — відаць, чыталі "экстрэмісцкія" тг-каналы. У апошняга таксама ў асабістых паведамленнях у Instagram у перапісцы з адным з магілёўцаў перасылалася інфармацыя "экстрэмісцкага" тг-канала ад 2020 года.
Адміністрацыйныя справы ў верасні разглядаў суд Магілёўскага раёна і адправіў іх на "дапрацоўку". У далейшым суды па гэтых справах або праводзіліся таемна, без паведамлення аб іх правядзенні, або справы "спусцілі на тармазах", мяркуюць праваабаронцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.