Парады па бяспецы на “выбарах” прэзідэнта ў Беларусі

Карысныя парады, якія дапамогуць адчуваць сябе спакайней / БЕЛТА
26 студзеня ў Беларусі пройдуць так званыя “выбары” прэзідэнта. Кампанія праходзіць ва ўмовах жорсткага кантролю і рэпрэсій. Для тых, хто плануе наведаць выбарчы ўчастак, служба “Адно Акно” падрыхтавала вялікі гайд па бяспецы.
Еўрарадыё сцісла пераказвае асноўнае.
Што (не)рабіць на выбарчым участку
На выбарчых участках не варта выказваць свае палітычныя погляды. Сімволіка, абмеркаванні і палітычныя заявы могуць прыцягнуць лішнюю ўвагу як чальцоў камісіі, так і міліцыі, якая там прысутнічае.
Калі вас хтосьці правакуе на спрэчку, заставайцеся спакойнымі і пазбягайце канфліктаў. Невядома, якая сітуацыя, нават якая здаецца бяскрыўднай, можа прыцягнуць увагу праваахоўнікаў.
Выкарыстанне смартфона на ўчастку патрабуе асцярожнасці. Калі вы хочаце зафіксаваць парушэнне, рабіце гэта незаўважна, каб не выклікаць падазрэнняў. Тэлеграм-канал Федэрацыі прафсаюзаў паведаміў пра "пазаштатныя сітуацыі", зафіксаваныя назіральнікамі падчас датэрміновага галасавання, калі людзі спрабавалі сфатаграфаваць бюлетэні. Пасля галасавання не затрымлівайцеся на ўчастку без прычыны.
Падрыхтуйцеся да наведвання свайго ўчастка загадзя. Праверце гаджэты: ачысціце мэсанджары, выдаліце падазроныя паведамленні, фатаграфіі і відэа.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.