Палітзняволеную Наталлю Хершэ пераводзяць з калоніі ў турму
Наталля Хершэ / Svaboda.org
Палітзняволеную Наталлю Хершэ перавядуць з калоніі ў турму, паведамляе "Радыё Свабода" са спасылкай на брата Наталлі Генадзя Касьяна.
Рашэнне аб пераводзе прыняў суд Чыгуначнага раёна Гомеля. Выязное пасяджэнне адбылося 24 верасня ў папраўчай калоніі, дзе Наталля Хершэ адбывае пакаранне. У раскладзе суда справа была пазначаная наступным чынам: "Аб пераводзе ў выпраўленчую ўстанову іншага тыпу і змене ўмоў утрымання".
"Прадстаўленне ПК-4 аб пераводзе ў турму задаволенае", сказалі Генадзю Касьяну ў судзе. У якую турму перавядуць Наталлю, будзе вырашаць адміністрацыя.
Наталля Херше — грамадзянка Швейцарыі беларускага паходжання. У пачатку снежня 2020 года яна была асуджана на 2,5 гады калоніі агульнага рэжыму за супраціў супрацоўніку міліцыі. Падчас жаночага маршу ў верасні мінулага года Наталля сарвала з амапаўца балаклаву. Сваю віну жанчына не прызнала. Улады Швейцарыі настойваюць на вызваленні сваёй грамадзянкі. Яе лёс абмяркоўваўся на сустрэчы кіраўнікоў МЗС Беларусі і Швейцарыі ў красавіку 2021 года.
Раней стала вядома, што Наталлі Хершэ тройчы прапаноўвалі напісаць на імя Аляксандра Лукашэнкі прашэнне аб памілаванні. Усе тры разы яна адмаўлялася.