Палітвязня будуць судзіць за “здраду дзяржаве”: ён нібыта дапамагаў СБУ
Яраслаў Саковіч / nashaniva.com
За “здраду дзяржаве” будуць судзіць палітвязня Яраслава Саковіча, якога катавалі за дапамогу Украіне, паведамляюць праваабаронцы “Вясны”.
Яраслаў быў затрыманы 5 жніўня 2022 года. Да 2021 года ён жыў ва Украіне, жанаты на ўкраінцы.
— Па вяртанні ў Беларусь быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ, якія катавалі яго і выбівалі прызнанне ў тым, што ён раней ваяваў ва Украіне. Пазней яго адпусцілі, але праз год затрымалі ўжо ў межах крымінальнай справы, — піша “Вясна”.
У Мінску 4 траўня яго пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу: “здзек з дзяржаўных сімвалаў” і “незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў”. Рашэнне прыняў суддзя Кацэр Сяргей.
Цяпер стала вядома, што ў жніўні Яраслава зноў будуць судзіць. Гэтым разам яго абвінавачваюць паводле арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Нібыта мужчына перадаваў звесткі Службе бяспекі Украіны.