Палац культуры і адзін з мастоў у Варшаве стануць бел-чырвона-белымі

Палац культуры ў Варшаве / прэс-служба АПК
9 жніўня, да пятай гадавіны беларускіх масавых пратэстаў мэрыя Варшавы зробіць падсвятленне Палаца культуры і Сілезска-Дамброўскага моста ў бел-чырвона-белых колерах.
Адпаведны зварот да мэрыі накіравалі намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета (АПК) Павел Латушка і в.а. прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі. Як паведамляе прэс-служба АПК, прэзідэнт Варшавы Рафал Тшаскоўскі даў даручэнне пра бясплатнае падсвятленне фасадаў Палаца культуры і навукі, а таксама Сілезска-Дамброўскага моста ў колеры нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга 9 жніўня 2025 года.
"Гэтым жэстам мы хочам выказаць салідарнасць з беларускамі і беларусамі ў сімвалічны для іх дзень", — гаворыцца ў афіцыйным адказе Варшаўскай мэрыі.
Таксама ў лісце паведамляецца, што прадстаўніца мэрыі Варшавы прыме ўдзел у канферэнцыі "Новая Беларусь".
"Гэта падсвятленне — сведчанне таго, што Варшава не забываецца пра беларускую барацьбу. Мы ўдзячныя за гэтую падтрымку, асабліва ў такі важны дзень для ўсіх, хто працягвае змагацца", — пракаментаваў рашэнне варшаўскай мэрыі Павел Баркоўскі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.