Пакупнік у Мінску збіў другога, бо той заступіўся за прадаўца

Пакупнік у Мінску збіў другога, бо той заступіўся за прадаўца

У Мінску адзін пакупнік збіў другога, калі той заступіўся за прадаўца. Як паведаміла агенцтву БЕЛТА прэс-афіцэр Фрунзенскага РУУС сталіцы Наталля Аскірка, здарэнне адбылося яшчэ ўвечары 29 лютага ў крамк "Азарэнне" па вуліцы Бельскага. Малады чалавек стаяў у чарзе і пачаў хаміць прадаўцам: яго абурэнне выклікала тое, што чарга рухалася дужа павольна. Яму прапанавалі прайсці ў свабодную суседнюю касу. Але і там хуліган працягваў абражаць прадаўцоў. Па словах работнікаў крамы, малады чалавек паводзіў сябе неадэкватна, быццам п'яны або пад уздзеяннем наркотыкаў.

Пакупнік, які стаяў за хлопцам, зрабіў яму заўвагу і тут жа атрымаў грубы адказ. Калі малады чалавек пакідаў краму, ён папярэдзіў, што будзе чакаць свайго апанента на вуліцы. І калі мужчына, які заступіўся за прадаўцоў, выйшаў з будынка, нападнік збіў яго. Пацярпелага з пашкоджаннямі даставілі ў лякарню.

Цяпер міліцыя шукае падазраванага: мужчыну еўрапейскай знешнасці 20-25 гадоў, ростам 170-175 см і хударлявага целаскладу. У той дзень ён быў апрануты ў бэжавую падоўжаную куртку, цёмныя джынсы і спартовы абутак.

Праваахоўнікі просяць тых, хто мае якую-небудзь інфармацыю, паведаміць па тэлефоне 8-044-7844829, 8-017-2076767, 8-017-2569587 ці 102. Канфідэнцыйнасць гарантуецца.