Паэта Славаміра Адамовіча адпусцілі з "Навінак"

Паэта Славаміра Адамовіча адпусцілі з "Навінак"

Паэта Славаміра Адамовіча раніцай 4 ліпеня адпусцілі з псіхіятрычнага шпіталя ў "Навінках". Ніякіх сур'ёзных даследаванняў там не праводзілася, не складаліся і паперы. Раней Адамовічу паставілі папярэдні дыягназ — "вострая шызафрэнія", паведамляе Радыё Свабода.

Як інфармавала Еўрарадыё, паэта затрымалі 1 ліпеня ў Будславе. Паводле слоў Адамовіча ён прыехаў на магілу свайго дзеда. Якраз праходзілі ўрачыстасці ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай. Яго спынілі людзі ў цывільным і прапанавалі даглядзець сумку. Калі паэт адмовіўся, яго скруцілі і пасадзілі ў машыну хуткай дапамогі. Пасля Адамовіча на гэтай машыне павезлі на медагляд у суправаджэнні міліцыянера. Пазней стала вядома, што яго даставілі ў сталіцу ў псіхіятрычную лякарню.

Славаміру Адамовічу 54 гады. У 1995 годзе ён быў арыштаваны за верш "Убей президента!", 10 месяцаў правёў у турме. У 2002-2009, 2010 гадах жыў у Нарвегіі, але пасля вярнуўся ў Беларусь. Займаецца грамадскай дзейнасцю.