Падрабязнасці аварыі мінскага аўтобуса: 15 пацярпелых, трое — у лякарнях

Нагадаем, што ўвечары ў панядзелак маршрутны аўтобус ўрэзаўся ў слуп. Паводле папярэдніх звестак, кіроўца знепрытомнеў за рулём.



Як інфармуе БЕЛТА са спасылкай на ДАІ, адразу пасля аварыі ў розныя лякарні сталіцы былі дастаўленыя 15 чалавек. Аднак толькі трое з іх былі шпіталізаваныя. Астатніх адпусцілі дадому пасля агляду лекараў — іх траўмы апынуліся не вельмі сур'ёзнымі. У 53-гадовай жанчыны — чэрапна-мазгавая траўма сярэдняй ступені цяжкасці. Такая ж траўма — у 63-гадовага мужчыны. І з падазрэннем на пералом нагі была шпіталізаваная 28-гадовая дзяўчына, аднак яе дыягназ застаецца пад пытаннем.



Прычыны здарэння ўдакладняюцца. Як растлумачыў сам кіроўца, ён праехаў па сваім маршруце метраў 300, пасля чаго яму стала дрэнна, пацямнела ў вачах, і ён знепрытомнеў. Пры гэтым кіроўца распавёў інспектарам ДАІ, што перад выездам на маршрут пачуваўся добра і не адчуваў недамаганняў.



Фота — auto.onliner.by