Падпальшчыкаў камеры фотафіксацыі асудзілі на 4 гады пазбаўлення волі
Суд Быхаўскага раёна вырашыў, што мужчыны будуць адбываць пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
У пятніцу, 6 лютага, у судзе Быхаўскага раёна быў агучаны прысуд па справе дваіх жыхароў Магілёва, якія абвінавачваюцца ў знішчэнні камеры фотафіксацыі ў адной з вёсак. Кожны з іх асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама судом прызначана канфіскацыя маёмасці, інфармуе сайт onliner.by. Прысуд не ўступіў у сілу, абвінавачаныя яго могуць абскардзіць на працягу 10 дзён.
Нагадаем, паводле следства, 27 ліпеня 2014-га ў вёсцы Чачавічы Быхаўскага раёна мужчыны, якія былі ў стане алкагольнага ап'янення, на мікрааўтобусе тросам вырвалі металічную апору з камерай фотафіксацыі, скралі электроніку, а корпус радара знішчылі. У іх адносінах распачалі крымінальную справу па артыкуле "Крадзеж, здзейснены арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры". Абвінавачаныя яшчэ да суда кампенсавалі страты — агулам 373 млн рублёў.
Фота: tut.by