Падлеткаў-скінхэдаў з Мазыра будуць судзіць за напады на людзей

Мазырскія скінхэды

Мазырскія скінхэды / Следчы камітэт

У Мазыры затрымалі групу падлеткаў-скінхэдаў. Следчы камітэт паведаміў пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы супраць арганізатараў і ўдзельнікаў груп "ПЕРТ" і "Дух Русі", прызнаных экстрэмісцкімі фармаваннямі.

Паведамляецца, што група была аб'яднаная ідэалогіяй фашызму і "вылучалася дзёрзкасцю пры здзяйсненні злачынстваў". Падлеткі збіраліся ў падвале, абсталяваным пад пакой адпачынку. "Там яны планавалі і абмяркоўвалі злачынствы, якія называлі "акцыямі", і захоўвалі прылады злачынстваў. Як высветлілася, экстрэмісцкае фармаванне было датычнае да здзяйснення шэрагу нападаў на грамадзян на тэрыторыі Мазыра паводле матываў нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці і нянавісці", — заяўляюць у СК.

Да нападаў маладыя людзі старанна рыхтаваліся: выкарыстоўвалі маскі, драўляныя біты, нажы, балончыкі з пярцовай вадкасцю. Яны здзекваліся з ахвяраў і здымалі ўсё на фота і відэа.

Таксама падлеткі стварылі дзясяткі Telegram-каналаў, груп і ботаў, праз якія, як кажуць у СК, "папулярызавалі ідэі нацызму і рэабілітавалі нацысцкіх злачынцаў, распальвалі міжнацыянальную і сацыяльную варожасць, дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь, прапагандавалі тэрарыстычную дзейнасць".

Прадстаўнік пракуратуры ў сюжэце на тэлеканале "Беларусь 4" паведаміў, што ідэямі фашызму хлопцы натхніліся ад "аднаго з расійскіх блогераў неанацысцкай накіраванасці". "Некаторыя займаліся спортам і дасягнулі пэўных вынікаў, шэраг хлопцаў захапляліся ваенна-патрыятычнай справай, наведвалі ваенныя клубы", — перадае "Флагшток" словы намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Гомельскага аблвыканкама Яўгена Міткевіча.

На ўдзельнікаў групы пачалі 34 крымінальныя справы, у тым ліку за шэраг злосных і асабліва злосных хуліганстваў, спалучаных з нападам на грамадзян, рэабілітацыю нацызму, прапаганду тэрарызму. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. Фігурантамі з'яўляюцца восем чалавек, прычым сямёра з іх на момант злачынстваў былі непаўналетнімі.

Падлеткаў-скінхэдаў з Мазыра будуць судзіць за напады на людзей
Мазырскія скінхэды / Следчы камітэт
Падлеткаў-скінхэдаў з Мазыра будуць судзіць за напады на людзей
Мазырскія скінхэды / Следчы камітэт

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.