Падазраваным у абрабаванні мінскага ювелірнага салона выставілі абвінавачанне
Падазраваным у дзёрзкім абрабаванні ювелірнага салона ў Мінску выставілі абвінавачанні. Як паведамляе БЕЛТА са спасылкай на сталічны Савецкі раённы аддзел Следчага камітэту, усіх траіх маладых мужчын абвінавачваюць у рабаўніцтве, здзейсненым групай асобаў у асабліва буйным памеры.
Фігуранты справы ўзятыя пад варту і цяпер даюць следчым прызнавальныя паказанні.
Нагадаем, што разбойны напад на ювелірны салон, размешчаны па вуліцы Сурганава ў Мінску, адбыўся 16 студзеня. Трое невядомых асобаў у масках зайшлі ў гандлёвы зал крамы, прымусілі прадаўца легчы на падлогу, разбілі шэсць вітрынаў, забралі ювелірныя вырабы, пасля чаго зніклі з месца здарэння.
26 лютага стала вядома пра раскрыццё гэтай справы: траіх падазраваных затрымалі. Імі аказаліся трое хлопцаў з Гродзенскай вобласці ва ўзросце ад 21 да 23 год. Раней яны не мелі праблемаў з законам. Амаль усе скрадзеныя ювелірныя ўпрыгожанні налётчыкі схавалі дома.