Пачынаюць судзіць палітвязняў Эдуарда Бабарыку і Васіля Дземідовіча
У Беларусі больш за 1200 палітвязняў, прызнаных праваабаронцамі / t.me/racyja
20 лютага пачынаюць судзіць палітвязняў Эдуарда Бабарыку і Васіля Дземідовіча. Першага абвінавачваюць у "непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі", другога — у "абразе прадстаўніка ўлады".
Новую справу Бабарыкі разгледзіць суд Ваўкавыскага раёна (суддзя — Мікалай Сяргейка). Эдуард за кратамі ўжо больш за чатыры з паловай года. У ліпені 2024-га яму дадалі да 8 гадоў пазбаўлення волі яшчэ 2 гады за тое ж "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі".
Справу 72-гадовага Дземідовіча разгледзіць суд Смалявіцкага раёна (суддзя — Аляксандр Казлоўскі). Гэта ўжо 9-я крымінальная справа палітвязня, які знаходзіцца ў зняволенні амаль тры гады. Агулам яго асудзілі да сямі гадоў пазбаўлення волі, пры гэтым вынік апошніх трох судоў пакуль невядомы, пішуць праваабаронцы.