Пачаўся судовы працэс над былым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі

Судовы працэс над былым намеснікам міністра сельскай гаспадаркі Фёдарам Лісіцам пачынаецца ў Салігорску. Судовае паседжанне пачынаецца ў 11.00 9 лютага ў будынку раённага суда, дзе дапытаюць каля 90 сведкаў, інфармуюць naviny.by. Гэта можа заняць каля трох тыдняў. Затым слуханні працягнуць у Мінску, у абласным судзе.
 
Як паведамляла Еўрарадыё, крымінальную справу ў адносінах Фёдара Лісіцы распачалі ў красавіку 2014-га. Тады ж Савет міністраў пазбавіў яго пасады першага намесніка міністра сельскай гаспадаркі. З фармулёўкай "невыкананне абмежаванняў, звязаных з дзяржаўнай службай".

Праверка высветліла, што Лісіца, выкарыстоўваючы службовыя паўнамоцтвы, арганізаваў за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Міністэрства лясной гаспадаркі неправамернае выкананне рамонту ў прадастаўленай яму двухузроўневай службовай кватэры ў аграгарадку Ждановічы.

Добраўпарадкаванне жылля агульнай плошчай 111 кв. м пацягнула незаконнае расходаванне бюджэтных грашовых сродкаў — амаль 300 млн рублёў.

Ён жа з траўня па верасень 2012 года жыў у нумары люкс ведамаснай гасцініцы без аплаты прадастаўленых паслуг. Акрамя таго, былі ўсталяваныя супрацьзаконныя дзеянні падазраванага, калі ён быў дырэктарам дзяржаўнай лесагаспадарчай установы "Старобінскі лясгас" Салігорскага раёна. У 2005 годзе Лісіца, злоўжываючы службовым становішчам, незаконна завалодаў зямлёй агульнай плошчай 0,95 га і пабудаваў катэдж. Участак знаходзіўся ў водаахоўнай зоне каля вёскі Ясковічы Салігорскага раёна і адносіўся да земляў дзяржаўнага ляснога фонду. Навакольнаму асяроддзю былі нанесеныя страты ў памеры звыш 1,1 млрд рублёў.

У 2008 годзе Фёдар Лісіца за кошт дзяржаўнай установы, якой кіраваў, пабудаваў для сябе службовае жыллё ў вёсцы Тычыны Салігорскага раёна агульнай плошчай 252 кв. м. Пазней гэты дом быў незаконна прыватызаваны і аформлены ў прыватную ўласнасць на ільготных умовах.

Фота: naviny.by