Пабачыўшы рабаўніка, пакупнікі... збіралі піва са стужкі і ішлі да суседняй касы

Пабачыўшы рабаўніка, пакупнікі... збіралі піва са стужкі і ішлі да суседняй касы

Уночы на 10 лістапада невядомы мужчына паспрабаваў абрабаваць краму на вуліцы Ложынская ў Мінску. Злачынец паказаў касірцы прадмет, вельмі падобны да пісталета, і запатрабаваў скласці выручку ў чорны пакет. Але тая нічога нікуды складаць не стала: падпёрла галаву рукой і разам з ахоўнікам угаварыла мужчыну сыйсці з крамы.

За час, пакуль касірка і ахоўнік размаўлялі з рабаўніком, як мінімум чацвёра пакупнікоў падыходзілі да касы і выкладалі пакупкі на стужку транспарцёра. Але, пабачыўшы зброю... збіралі піва і арэшкі і спакойна сыходзілі да іншай касы! Пра гэта распавядае прэс-сакратар мінскай міліцыі Аляксандр Ластоўскі, у распараджэнні якога ёсць поўнае відэа з камераў назірання ў краме.

Відэа: ГУУС Мінгарвыканкама

"Вось за злачынцам у чаргу становіцца дужы мужык. Вкыладае на стужку бутэльку піва, арэшкі. Спакойна назірае, як кліент, які стаіць наперадзе, патрабуе ад касіра грошай, наставіўшы на яе прадмет, падобны да пісталета. Спакойна зграбае са стужкі піва з арэшкамі і няспешна сыходзіць шукаць вольную касу.

Вось за злачынцам выстройваюцца ў чаргу два мажных мужыка. На стужцы — дзве паўтарашкі "Аліварыі", у пакетах — спажыва да пеннага напою. Спачатку размаўляюць паміж сабою, пасля заўважаюць мужыка, бледную касірку і настаўлены на яе прадмет, падобны да пісталета. Безудзельна забіраюць тавар і ідуць шукаць вольную касу.

Чарговы пакупнік. Чарговы мужык. Гісторыя паўтараецца: піва на стужку — піва са стужкі — няспешны пошук вольнай касы", — распавядае Аляксандр Ластоўскі.

Увесь час, пакуль касірка і ахоўнік угаворвалі рабаўніка сысці з крамы, людзі ў чарзе да суседняй касы раўнадушна назіралі за тым, што адбываецца.

Міліцыя працягвае шукаць злачынцу. На выгляд яму 30-40 гадоў, рост — 175-180 см, сярэдняга целаскладу. Быў апрануты ў чорны капялюш, чорную куртку ніжэй за пояс са срабрыстай маланкай наўскос. На твары круглыя сонечныя акуляры. Пры сабе меў чорны пакет. І прадмет, падобны да пісталета.

Калі вы пазнаеце гэтага чалавека — не саромцеся, патэлефануйце ў міліцыю.